9 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/.
Беларусь і Эстонія маюць намер пашыраць гандлёвыя і інвестыцыйныя сувязі, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе ўрада па выніках візіту беларускай дэлегацыі на чале з першым намеснікам прэм'ер-міністра Васілём Мацюшэўскім у Эстонію.У ходзе візіту Васіль Мацюшэўскі сустрэўся з прэм'ер-міністрам Эстоніі Юры Ратасам. Бакі пацвердзілі зацікаўленасць у паступальнай актывізацыі беларуска-эстонскага ўзаемадзеяння. Адзначана, што існуючы ўзровень і патэнцыял развіцця эканомік дзвюх краін даюць магчымасць значна пашырыць гандлёвыя і інвестыцыйныя сувязі, а таксама супрацоўніцтва ў сферах навукі і культуры.
У час сустрэчы Васіля Мацюшэўскага з намеснікам старшыні Еўрапейскай камісіі па адзіным лічбавым рынку Андрусам Ансіпам абмеркаваны перспектывы супрацоўніцтва паміж Беларуссю і ЕС у галіне лічбавай эканомікі з акцэнтам на развіццё сістэм электроннага гандлю і трансгранічных электронных паслуг, звязаных са сферай транспарту і лагістыкі.
Беларуская дэлегацыя таксама прыняла ўдзел у другой міністэрскай сустрэчы "Усходняга партнёрства" па лічбавай эканоміцы, ключавым пытаннем якой стала выпрацоўка далейшых крокаў па гарманізацыі лічбавых рынкаў у рамках ініцыятывы, у тым ліку ў частцы будучых рэгіянальных пілотных праектаў.
Для беларускай дэлегацыі праведзены прэзентацыі лічбавых магчымасцей Эстоніі ў інавацыйным цэнтры "Е-Шоўрум" і лічбавых рашэнняў, якія прымяняюцца ў банкаўскай сферы.
Беларуская дэлегацыя таксама правяла сустрэчу з буйнымі эстонскімі прадпрымальнікамі, якія працуюць у нафтахімічнай і транспартнай галінах. Абмеркаваны перспектывы нарошчвання гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Эстоніяй і рэалізацыі інвестпраектаў.
Акрамя таго, беларуская дэлегацыя наведала паказ "Музыка без межаў", арганізаваны з выкарыстаннем інтэрнэт-сетак з высокай прапускной здольнасцю і інавацыйных тэхналогій з падключэннем вядомых музыкантаў у Таліне і Мінску, якія выконвалі творы ў рэжыме рэальнага часу.