1 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь і Еўрапейскі саюз прадоўжаць супрацоўніцтва ў мэтах дасягнення высокага ўзроўню аднастайнасці мытных сістэм. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе Дзяржаўнага мытнага камітэта Беларусі па выніках сустрэчы старшыні ДМК Юрыя Сянько з кіраўніком прадстаўніцтва ЕС у Беларусі Майрай Морай, на якой абмяркоўвалася супрацоўніцтва ў мытнай сферы.
У ходзе сустрэчы былі разгледжаны пытанні, звязаныя з рэалізацыяй бягучых праектаў па праграмах трансгранічнага супрацоўніцтва Еўрасаюза, а таксама ініцыятыў Дзяржаўнага мытнага камітэта Беларусі па ўдзеле ў новых праграмах і праектах ЕС.
У мэтах удасканалення мытнай інфраструктуры Беларусі агульная сума прыцягнутых інвестыцый Еўрапейскага саюза ў рамках міжнароднай тэхнічнай дапамогі склала амаль 40 млн еўра. "За гэтыя сродкі ажыццёўлена рэканструкцыя пункта пропуску "Каменны Лог", у якім устаноўлены 5 мабільных інспекцыйна-надглядных комплексаў, пабудаваны і тэхнічна аснашчаны прыгранічны грузавы тэрмінал "Казловічы-2", - растлумачылі ў прэс-службе ДМК.
27 сакавіка ў адпаведнасці з грантавымі кантрактамі, заключанымі з Еўрапейскім саюзам, праведзены цырымоніі ўрачыстага адкрыцця інспекцыйна-надглядных комплексаў у пунктах пропуску "Прывалка" і "Грыгараўшчына". Да канца 2015 года такі комплекс будзе функцыянаваць у пункце пропуску "Брузгі".
Цяпер ДМК рэканструюе пункт пропуску "Пясчатка" на беларуска-польскай граніцы, доля еўрапейскага фінансавання перасягае 10,9 млн еўра. Праект ажыццяўляецца па праграме трансгранічнага супрацоўніцтва "Польшча - Беларусь - Украіна" Еўрапейскага інструменту добрасуседства і партнёрства. "Гэта самы дарагі з рэалізуемых на бягучы момант буйнамаштабных праектаў", - падкрэслілі ў прэс-службе ДМК.
Таксама завяршаецца рэалізацыя фінансуемага Еўрасаюзам праекта "Садзейнічанне ў стварэнні электроннай сістэмы абмену папярэдняй інфармацыяй паміж мытнымі органамі Беларусі і Украіны (ПРІНЕКС)", агульны бюджэт якога складае амаль 4 млн еўра.
"Удзельнікамі сустрэчы была абмеркавана магчымасць рэалізацыі перспектыўных праектаў і далейшай работы па прыцягненні новых сродкаў. У ходзе канструктыўнага дыялогу бакі прыйшлі да агульнай думкі, што развіццё дзейснага механізма двухбаковых узаемаадносін з'яўляецца аб'ектыўнай неабходнасцю для дасягнення больш высокага ўзроўню ўзгодненасці і аднастайнасці мытных сістэм, які будзе садзейнічаць спрашчэнню гандлю, забеспячэнню бяспекі грамадзян і абароны інтарэсаў суб'ектаў гаспадарання", - адзначылі ў прэс-службе ДМК.