17 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Пяты раўнд дыялогу па правах чалавека паміж Беларуссю і Еўрапейскім саюзам адбыўся 17 ліпеня ў Мінску. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе беларускага знешнепалітычнага ведамства.
На мерапрыемстве абмеркаваны бягучы стан і перспектывы далейшага ўзаемадзеяння паміж Беларуссю і ЕС у сферы правоў чалавека, у тым ліку ў кантэксце рэалізацыі Нацыянальнага плана дзеянняў па правах чалавека і рэкамендацый у рамках Універсальнага перыядычнага агляду Савета па правах чалавека ААН. Увага была таксама ўдзелена пытанням захавання правоў чалавека як у Беларусі, так і ў шэрагу краін - членаў ЕС.
Дэлегацыю Беларусі ўзначаліў намеснік міністра замежных спраў Алег Краўчанка, дэлегацыю ЕС - начальнік упраўлення двухбаковага супрацоўніцтва з краінамі "Усходняга партнёрства" Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў (ЕСЗД) Дзірк Шубель.
У пасяджэнні таксама прынялі ўдзел прадстаўнікі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу, міністэрстваў замежных спраў, юстыцыі, унутраных спраў, адукацыі, працы і сацыяльнай абароны, Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў.
У склад дэлегацыі Еўрасаюза ўвайшлі супрацоўнікі профільных падраздзяленняў ЕСЗД, Еўрапейскай камісіі, а таксама прадстаўнікі краін - членаў ЕС (у якасці наглядальнікаў).
У абмеркаванні асобных пытанняў парадку дня прынялі ўдзел прадстаўнікі беларускіх няўрадавых арганізацый.