18 чэрвеня, Мінск /Кацярына Крышэнік - БЕЛТА/. Беларусь і Егіпет маюць намер падтрымліваць намаганні, накіраваныя на ўмацаванне міжнароднага міру і стабільнасці, прадухіленне праяў тэрарызму і экстрэмізму, якія ўяўляюць сур'ёзную пагрозу глабальнай і рэгіянальнай бяспецы. Аб гэтым гаворыцца ў сумеснай заяве, падпісанай сёння Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам і Прэзідэнтам Егіпта Абдэль Фатахам ас-Сісі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Бакі згадзіліся з неабходнасцю ўрэгулявання рэгіянальных канфліктаў палітычнымі і дыпламатычнымі метадамі, а таксама падкрэслілі сваё імкненне няўхільна прытрымлівацца мэт Статута Арганізацыі Аб'яднаных Нацый і агульнапрызнаных прынцыпаў і норм міжнароднага права.
Беларусь адзначыла поспехі егіпецкага кіраўніцтва ў стабілізацыі палітычнай і эканамічнай сітуацыі ў краіне, у барацьбе з міжнародным тэрарызмам і выказала надзею, што пазітыўныя тэндэнцыі ў развіцці Егіпта будуць садзейнічаць пашырэнню двухбаковых сувязей.
Таксама Беларусь пацвердзіла, што падтрымлівае хутчэйшае заключэнне пагаднення аб свабодным гандлі паміж Еўразійскім эканамічным саюзам і Егіптам. У сваю чаргу егіпецкі бок заявіў аб гатоўнасці садзейнічаць развіццю шырокамаштабнага супрацоўніцтва Беларусі з краінамі Афрыканскага кантынента. Урад Егіпта таксама абавязаўся аказаць падтрымку сумесным праектам, якія рэалізуюцца ў гэтай арабскай рэспубліцы, шляхам стварэння роўных умоў для ўдзелу ў дзяржаўных тэндарах, спрашчэння працэдур рэгістрацыі сумесных прадпрыемстваў.
Бакі дамовіліся пашыраць супрацоўніцтва ў такіх перспектыўных сферах, як інфармацыйна-камунікацыйныя, аэракасмічныя і авіяцыйныя тэхналогіі, нанаматэрыялы, малекулярная генетыка, металазнаўства, фармацэўтыка, оптыка. Плануецца таксама актывізаваць узаемадзеянне ў сферы адукацыі. У прыватнасці, выпрацаваць механізмы прыцягнення і накіравання грамадзян Егіпта на навучанне ў беларускія ўстановы адукацыі, стварыць сумесныя факультэты, накіроўваць беларускіх спецыялістаў у галіне арабскай мовы на стажыроўкі ў егіпецкія ўніверсітэты.
Прадоўжыцца і ўзаемадзеянне ў сферах турызму, культуры. Дасягнута дамоўленасць аб правядзенні Дзён культуры Егіпта ў Беларусі ў 2019 годзе.
Абдэль Фатах ас-Сісі выказаў удзячнасць Аляксандру Лукашэнку і беларускаму народу за цёплы прыём і гасціннасць і запрасіў кіраўніка дзяржавы наведаць Егіпет.