11 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/.
Беларусь і Данія зацікаўлены пашыраць гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва. Гэта было адзначана ў час праведзенага сёння ў Мінску чарговага раўнда кансультацый паміж міністэрствамі замежных спраў абедзвюх краін, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе МЗС Беларусі.Беларускую дэлегацыю на кансультацыях узначаліў намеснік міністра замежных спраў Алег Краўчанка, дацкую - намеснік дзяржаўнага сакратара МЗС
Карстэн Гронбех-Енсен.Бакі разгледзелі шырокі спектр пытанняў двухбаковага парадку дня, уключаючы супрацоўніцтва ў палітычнай, гандлёва-эканамічнай, гуманітарнай і іншых сферах, узаемадзеянне па лініі Беларусь - ЕС і ў рамках міжнародных арганізацый. Адбыўся абмен меркаваннямі па асобных рэгіянальных пытаннях. "Удзельнікі мерапрыемства канстатавалі ўзаемную цікавасць да далейшага пашырэння гандлёва-эканамічнага і інвестыцыйнага супрацоўніцтва", - расказалі ў ведамстве.
У гэтыя ж дні ў беларускай сталіцы прайшлі беларуска-латвійскія кансультацыі паміж міністэрствамі замежных спраў па міжнародна-прававых пытаннях. Беларусь на іх прадставіў начальнік галоўнага дагаворна-прававога ўпраўлення МЗС Андрэй Мяцеліца, латвійскую - дырэктар прававога дэпартамента МЗС Саніта Пекале.
Бакі актуалізавалі пералікі двухбаковых міжнародных дагавораў, якія дзейнічаюць у адносінах паміж дзвюма краінамі, абмяняліся інфармацыяй аб практыцы іх рэалізацыі і падрыхтоўцы праектаў новых дакументаў.
На кансультацыях таксама былі абмеркаваны іншыя міжнародна-прававыя пытанні, у тым ліку супрацоўніцтва ў міжнародных арганізацыях.