29 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Міністр прамысловасці Беларусі Віталь Воўк і намеснік старшыні Кабінета міністраў Чувашскай Рэспублікі - міністр эканамічнага развіцця, прамысловасці і гандлю Уладзімір Аўрэлькін падпісалі пратакол па пашырэнні навукова-тэхнічных, гандлёва-эканамічных і культурных сувязей. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведаміў прэс-сакратар Мінпрама Уладзімір Падаляк.
У Беларусі з 28 па 30 жніўня з рабочым візітам знаходзіцца афіцыйная дэлегацыя Чувашскай Рэспублікі. У яе складзе міністр эканамічнага развіцця, прамысловасці і гандлю, міністр сельскай гаспадаркі, міністр транспарту і дарожнай гаспадаркі, кіраўнікі буйных канцэрнаў і бізнес-супольнасцей.
У Мінпраме адбылося дзясятае пасяджэнне рабочай групы па пашырэнні супрацоўніцтва Беларусі і Чувашыі. На перагаворах былі разгледжаны пытанні перспектыўнага ўзаемадзеяння ў лёгкай і харчовай прамысловасці, у сферы сельскай гаспадаркі і харчавання, будаўніцтва, спажывецкай кааперацыі, спорту і турызму.
У час афіцыйнага візіту члены дэлегацыі азнаёмяцца з работай ААТ "МАЗ", ААТ "МТЗ", ААТ "Белкамунмаш", ААТ "МЭТЗ імя В. І. Казлова" і інш.
Тавараабарот Беларусі з Чувашскай Рэспублікай у студзені - чэрвені бягучага года склаў $58,4 млн, што на 20,6 працэнта больш, чым за аналагічны перыяд 2016-га. У тым ліку экспарт павялічыўся на 7,3 працэнта да $36,5 млн. У яго аснове - пастаўкі інсектыцыдаў, гербіцыдаў, грузавых аўтамабіляў, электрычных трансфарматараў, машын і механізмаў для ўборкі і абмалоту сельскагаспадарчых культур, частак для аўтамабіляў і трактароў і інш.