27 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь і Боснія і Герцагавіна зацікаўлены ў спрашчэнні ўзаемных паездак для грамадзян. Аб гэтым ішла размова 27 мая на сустрэчы Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла Беларусі ў Босніі і Герцагавіне па сумяшчальніцтве Аляксандра Хайноўскага са старшынёй Прэзідыума Босніі і Герцагавіны Младэнам Іванічам, паведамілі БЕЛТА ў пасольстве Беларусі ў Венгрыі.
У час сустрэчы дасягнута дамоўленасць аб актывізацыі работы па заключэнні пагадненняў аб прадухіленні двайнога падаткаабкладання і аб бязвізавых паездках па дыпламатычных і службовых пашпартах. "Адзначана зацікаўленасць бакоў у спрашчэнні ўзаемных паездак для іншых катэгорый грамадзян абедзвюх краін", - расказалі ў пасольстве.
Аляксандр Хайноўскі і Младэн Іваніч абмеркавалі стан і шляхі ўмацавання двухбаковых адносін. Бакі сышліся на думцы, што для інтэнсіфікацыі гандлёва-эканамічнага і інвестыцыйнага супрацоўніцтва найбольш эфектыўнай мерай стане стварэнне профільнай двухбаковай міжурадавай камісіі, якая ўзяла б на сябе каардынацыю гэтых пытанняў. Сярод прыярытэтаў на бліжэйшую перспектыву адзначаны пашырэнне гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва, развіццё палітычнага дыялогу і ўзаемадзеяння ў міжнародных арганізацыях, гуманітарных кантактаў, турыстычных абменаў, фарміраванне сучаснай дагаворна-прававой базы.
Пры абмеркаванні сітуацыі ў рэгіёне Младэн Іваніч пазітыўна ацаніў дыпламатычныя намаганні беларускага боку па ўрэгуляванні ўкраінскага крызісу.