19 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У МЗС Беларусі 19 мая адбылася сустрэча намесніка міністра замежных спраў Аляксандра Гур'янава з дэлегацыяй МЗС Аргенціны на чале з Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Аргенціны ў Расіі і Беларусі (па сумяшчальніцтве) Пабла Тэттаманці, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе Міністэрства замежных спраў.
У склад дэлегацыі аргенцінскага знешнепалітычнага ведамства таксама ўвайшлі нацыянальны дырэктар па двухбаковых эканамічных адносінах Крысціна Балдарыні, дырэктар упраўлення Усходняй Еўропы Санцьяга Віллальба, саветнік-каардынатар Праграмы двухбаковых эканамічных адносін з Расійскай Федэрацыяй і краінамі СНД Вікторыя Штогер Радрыгес.
У час сустрэчы адбыўся абмен думкамі па шырокім спектры пытанняў беларуска-аргенцінскага ўзаемадзеяння. Асноўная ўвага ўдзелена развіццю гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва, з улікам магчымасцей рэалізацыі інтэграцыйнага патэнцыялу ЕАЭС і МЕРКОСУР.
Бакі абмеркавалі шляхі інтэнсіфікацыі двухбаковых адносін у палітычнай і гуманітарнай сферах.
Пасол Аргенціны ўручыў намесніку міністра замежных спраў копіі даверчых грамат.