15 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Міністр унутраных спраў Іван Кубракоў сустрэўся з Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў у Беларусі Ібрагімам Салімам Махамедам Аль-Мушарахам. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў Міністэрстве ўнутраных спраў.
Іван Кубракоў падзякаваў госцю за цёплы прыём беларускай дэлегацыі ў ААЭ ў кастрычніку мінулага года. Сустрэча завяршылася падпісаннем двух міжнародных дагавораў: пагаднення аб супрацоўніцтве ў галіне бяспекі і процідзеяння тэрарызму, а таксама мемарандума аб узаемаразуменні па пытанні ўзаемнага прызнання і абмену вадзіцельскіх пасведчанняў.
Бакі абмеркавалі актуальны стан супрацоўніцтва і далейшае развіццё двухбаковых адносін у праваахоўнай сферы паміж міністэрствамі унутраных спраў Беларусі і ААЭ.
Іван Кубракоў расказаў, што па запрашэнні Генеральнага камандавання паліцыяй Дубая дзве каманды спецназа МУС Беларусі (мужчынская і жаночая) прымуць удзел у спаборніцтвах сярод спецыяльных падраздзяленняў, якія адбудуцца ў ААЭ з 30 студзеня па 8 лютага. "Упэўнены, што нашы супрацоўнікі дастойна выступяць на спаборніцтвах і прадэманструюць прафесіяналізм у выкананні асобых задач", - адзначыў кіраўнік міліцэйскага ведамства.
Міністр таксама запрасіў пасла ў зручны для яго час наведаць з азнаямленчым візітам рэгіянальныя падраздзяленні. "Мы гатовы да актыўнага развіцця ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва з праваахоўнымі органамі ААЭ", - запэўніў Іван Кубракоў.