24 верасня, Мінск /Таццяна Паляжай - БЕЛТА/. Аўстрыя мае намер адкрыць пасольства ў Беларусі. Аб гэтым паведаміў сёння журналістам начальнік упраўлення інфармацыі - прэс-сакратар Міністэрства замежных спраў Дзмітрый Мірончык, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Для прапрацоўкі арганізацыйных і іншых пытанняў, звязаных з адкрыццём пасольства, Мінск 29-30 верасня наведае дэлегацыя Федэральнага міністэрства па пытаннях Еўропы, інтэграцыі і замежных спраў Аўстрыі на чале з генеральным дырэктарам па пытаннях менеджменту работы аўстрыйскага знешнепалітычнага ведамства, намеснікам міністра Міхаэлем Цымерманам. Праграмай візіту прадугледжана сустрэча Міхаэля Цымермана з намеснікам міністра замежных спраў Беларусі Аленай Купчыной.
Рашэнне аб адкрыцці пасольства было прынята аўстрыйскім бокам па выніках візіту ў Беларусь міністра замежных спраў Аўстрыі Себасцьяна Курца, праведзенага ў маі гэтага года.