24 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Асноўны этап рэформы сістэмы кіравання дзяржаўнымі фінансамі Беларусі завершыцца да канца 2019 года, паведаміў сёння журналістам першы намеснік міністра фінансаў Беларусі Максім Ермаловіч перад пасяджэннем бюджэтнага супольніцтва PEMPAL, арганізаваным Мінфінам і Сусветным банкам, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Стратэгія рэформы кіравання дзяржаўнымі фінансамі ў краіне, зацверджаная ў снежні мінулага года, уключае цэлы комплекс мерапрыемстваў. Да канца 2019 года мы павінны завяршыць асноўны этап, падрыхтаваць усіх удзельнікаў бюджэтнага працэсу да новых умоў і неабходныя змяненні заканадаўства. Усё гэта накіравана на тое, каб павысіць эфектыўнасць бюджэтных расходаў. Калі бюджэтныя даходы не растуць, рэзервы трэба шукаць у самой сістэме", - адзначыў Максім Ермаловіч.
Паводле слоў першага намесніка міністра, рэформа сістэмы кіравання дзяржфінансамі дасць магчымасць істотна павысіць эфектыўнасць бюджэтных расходаў і ацаніць якасць размеркавання бюджэту, у тым ліку з удзелам грамадзян. "Прадстаўленне бюджэту грамадзянам - гэта асобны блок пытанняў, і гэту работу мы таксама збіраемся правесці, прычым пачата яна будзе ўжо ў гэтым годзе. Так, у хуткім часе плануецца падрыхтаваць цэлы комплекс інфармацыйных матэрыялаў для інфармавання беларусаў аб бюджэце", - растлумачыў Максім Ермаловіч.
Сёння ў Мінску праходзіць штогадовае пленарнае пасяджэнне бюджэтнага супольніцтва PEMPAL (Public Expenditure Management Peer Assisted Learning - супольніцтва па ўзаемным вывучэнні і абмене вопытам у кіраванні дзяржаўнымі фінансамі). Тэма пасяджэння - "Выкарыстанне бюджэтных правіл для забеспячэння рэзультатыўнасці і ўстойлівасці бюджэту". У мерапрыемстве ўдзельнічаюць прадстаўнікі 20 краін і эксперты міжнародных арганізацый - Сусветнага банка, Міжнароднага валютнага фонду і Арганізацыі эканамічнага супрацоўніцтва і развіцця.
На гэтым пасяджэнні бюджэтнага супольніцтва PEMPAL прапанавана ўзяць для аналізу практыкі прымянення бюджэтных правіл прыклады Расіі, Албаніі і Беларусі. Беларусь як краіна, якая прымае мерапрыемства, прапануе ўвазе супольніцтва сваю нядаўна завершаную стратэгію па кіраванні дзяржаўнымі фінансамі, на якую краіна абапіраецца, імкнучыся забяспечыць эфектыўнасць і ўстойлівасць бюджэтнага працэсу.