21 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Казахстан - братэрская для Беларусі дзяржава, стратэгічны партнёр і саюзнік. Аб гэтым заявіў старшыня Палаты прадстаўнікоў Уладзімір Андрэйчанка ў час сустрэчы з Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Казахстана ў Беларусі Ерланам Байжанавым, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Паводле слоў Уладзіміра Андрэйчанкі, Мінск надае вялікае значэнне ўсяму комплексу беларуска-казахстанскіх адносін. Казахстан - блізкая для Беларусі, братэрская дзяржава, стратэгічны партнёр і саюзнік. Краіны звязваюць агульная гісторыя, развітыя гандлёвыя і гуманітарныя сувязі, а дружалюбныя адносіны на вышэйшым узроўні даюць магчымасць абмяркоўваць любыя пытанні без абмежаванняў. Інакш паміж саюзнікамі і быць не можа.
"Літаральна праз некалькі дзён, 23 лістапада, у Мінску на сесіі Савета калектыўнай бяспекі АДКБ адбудзецца чарговая сустрэча нашых прэзідэнтаў. У наступным годзе Казахстан прымае ў нас старшынства ў АДКБ. Нашы погляды па многіх пытаннях міжнароднай праблематыкі супадаюць. І мы разлічваем, што канструктыўнае супрацоўніцтва будзе прадоўжана на ўсіх міжнародных пляцоўках", - сказаў Уладзімір Андрэйчанка.
Ён падкрэсліў, што не застаюцца ўбоку і парламентарыі, актыўна ўзаемадзейнічаючы па ўсім коле пытанняў, пачынаючы ад знешняй палітыкі і заканчваючы эканомікай. "Наш дыялог праходзіць у атмасферы даверу і ўзаемаразумення. У нас склаліся добрыя дзелавыя адносіны з цяперашнім старшынёй Мажыліса Парламента Рэспублікі Казахстан Ерланам Кашанавым. У маі гэтага года ён наведаў Мінск для ўдзелу ў пасяджэнні Савета ПА АДКБ. У ходзе двухбаковай сустрэчы мы зверылі гадзіннікі па актуальных пытаннях парадку дня беларуска-казахстанскіх адносін. Быў узняты шэраг так і нявырашаных праблем, у прыватнасці ў галіне лагістыкі і транзітных перавозак. Гэтыя пытанні ў веданні нашых урадаў, але мы разлічваем і на вашу падтрымку ў іх хутчэйшым вырашэнні", - адзначыў старшыня Палаты прадстаўнікоў.
Таксама Уладзімір Андрэйчанка адзначыў плённую і рэгулярную работу груп дружбы па міжпарламенцкім супрацоўніцтве.