16 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Візіт беларускай парламенцкай дэлегацыі на чале са старшынёй Палаты прадстаўнікоў Уладзімірам Андрэйчанкам у Судан завяршыўся сустрэчай з прэзідэнтам гэтай краіны Амарам аль-Башырам, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе парламента.
Бакі абмеркавалі ключавыя пытанні двухбаковых адносін з акцэнтам на рэалізацыю ўзаемавыгадных праектаў у святле вынікаў праведзеных у студзені 2017 года ў Хартуме перагавораў прэзідэнтаў Беларусі і Судана. У прыватнасці, узнімаліся пытанні супрацоўніцтва ў галіне прамысловай кааперацыі, сельскай гаспадаркі, асваення прыродных рэсурсаў.
Канстатаваны высокі ўзровень палітычных адносін, у тым ліку сувязей па лініі парламентаў як мастоў, якія аб'ядноўваюць дружалюбныя краіны. Субяседнікі звярнулі ўвагу на важнасць парламенцкага канала ўзаемадзеяння для выпрацоўкі рэкамендацый і інфармавання кіраўнікоў дзвюх краін па пытаннях павышэння эфектыўнасці супрацоўніцтва.
Прэзідэнт Судана даў высокую ацэнку ролі парламентарыяў у пашырэнні гандлёва-эканамічных, гуманітарных сувязей і дзелавых кантактаў. Адзначана важнасць механізма парламенцкага ўзаемадзеяння для маніторынгу стану і развіцця дагаворна-прававой базы, а падпісаныя ў ходзе візіту дакументы (кантракты) будуць рэальна садзейнічаць агульным намаганням па развіцці кантактаў у розных галінах.
Амар аль-Башыр і Уладзімір Андрэйчанка разгледзелі далейшыя крокі па прадаўжэнні актыўнага палітычнага дыялогу і рэалізацыі існуючых дамоўленасцей у гандлёва-эканамічнай сферы.
Як паведамілі ў прэс-службе, у час візіту таксама адбылася сустрэча беларускай дэлегацыі з кіраўніцтвам Хартумскага завода па перапрацоўцы золата. Абмяркоўваліся магчымасці выкарыстання вопыту і напрацовак Беларусі ў дзейнасці кампаніі.