12 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь выступае за тое, каб пытанні бяспекі заставаліся ў фокусе ўвагі СНД. Аб гэтым заявіў міністр замежных спраў Беларусі Сяргей Алейнік у час пасяджэння СМЗС СНД 12 красавіка ў Мінску, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Агульная сітуацыя ў свеце ў поўнай меры адчуваецца намі і ў рэгіянальным кантэксце, прычым з відавочным ростам напружанасці, - сказаў кіраўнік беларускага знешнепалітычнага ведамства. - Паблізу нашай паўночна-заходняй граніцы рэальна ўзводзяцца супрацьтанкавыя равы і агнявыя пазіцыі. У пагражальнай колькасці складзіруюцца боепрыпасы. Вядзецца пастаянная паветраная разведка".
"Фіксуем таксама зусім неабгрунтаваны рост колькасці ваенных фарміраванняў на прыгранічнай тэрыторыі, - адзначыў Сяргей Алейнік. - Вось зусім свежы прыклад: у рамках вучэнняў НАТА "Квадрыга-2024" на літоўскім палігоне Пабрадэ былі сканцэнтраваны тры батальёны (пяхотны і механізаваны батальёны ФРГ і танкавы батальён ЗША). Гэта ўсяго за 15 кіламетраў ад беларуска-літоўскай граніцы. Чым не сюжэт "10 хвілін да вайны"? Добра разумеем, што ў бягучых умовах як ніколі высокая рызыка правакацый, нацэленых на эскалацыю сітуацыі".
У сувязі з гэтым Сяргей Алейнік падкрэсліў, што ў рамках СНД Беларусь нязменна выступае за тое, каб пытанні бяспекі заставаліся ў фокусе ўвагі Садружнасці, за актыўную работу па рэалізацыі праграмы супрацоўніцтва па барацьбе з тэрарызмам і экстрэмізмам на 2023-2025 гады і міждзяржаўнай праграмы сумесных мер барацьбы са злачыннасцю на 2024-2028 гады.