28 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Урачыстая цырымонія адкрыцця Кітайскага цэнтра кнігі адбылася ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
У час адкрыцця цэнтра намеснік начальніка Упраўлення КНР па справах выдання і распаўсюджвання літаратуры на замежных мовах Юй Таа ўручыў каталог кітайскіх кніг генеральнаму дырэктару Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Вадзіму Гігіну. Юй Таа сказаў, што Кітайскі цэнтр кнігі быў створаны ўжо ў 15 краінах Еўропы, Азіі, Лацінскай Амерыкі, а Беларусь стала 16-й краінай, якая зможа бліжэй пазнаёміцца з кітайскай культурай.
Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол КНР у Беларусі Се Сяаюн адзначыў, што стварэнне Цэнтра кнігі - гэта падарунак кітайскага народа беларускаму. "Духоўная сувязь паміж дзвюма краінамі, якая перадаецца з пакалення ў пакаленне, закладвае глыбокую аснову для таго, каб дзве краіны змаглі глядзець у будучыню і рухаліся насустрач адна адной. Кнігі - гэта ўвасабленне ведаў і мудрасці краіны і народа. Кітайскі бок прыносіць кнігі ў дар беларускаму народу і выказвае добрыя пажаданні садзейнічаць духоўнай інтэграцыі з народам Беларусі", - дадаў Се Сяаюн.
"Цэнтр кнігі - гэта акно, якое дае магчымасць беларусам лепш зразумець Кітай. На гэты раз кітайская камунікацыйная міжнародная група паднесла ў дар каля тысячы кніг, сярод іх - працы аб дзяржаўным кіраванні і гісторыі Камуністычнай партыі Кітая, аб культурных сімвалах краіны, сучаснай кітайскай мове, а таксама мноства іншых кніг, якія ахопліваюць усе аспекты палітыкі, эканомікі, гісторыі, рыторыкі і грамадскага жыцця нашай дзяржавы. Яны дапамогуць пазнаць рэальны, усебаковы і мнагамерны Кітай", - падкрэсліў Се Сяаюн.
Паводле яго слоў, беларуская моладзь праяўляе ўсё большы інтарэс да вывучэння кітайскай мовы, а стварэнне Цэнтра кнігі прадастаўляе важныя рэсурсы для самаразвіцця беларускіх кітаязнаўцаў і моладзі, якая цікавіцца мовай.
Першы намеснік міністра культуры Валерый Грамада выказаў надзею, што супрацоўніцтва Беларусі і Кітая прадоўжыцца і далей, а цэнтр стане месцам прыцяжэння для даследчыкаў. "Радуе, што прамыя кантакты паміж установамі культуры - музеямі, тэатрамі, канцэртнымі заламі - актыўна развіваюцца. Так, 25 верасня ў Музеі вайны супраціўлення Кітайскага народа супраць японскай агрэсіі ў Пекіне адкрыецца выстава "Летапіс Брэсцкай крэпасці". А Нацыянальная бібліятэка Беларусі мае дзеючае пагадненне аб супрацоўніцтве з Нацыянальнай бібліятэкай Кітая", - растлумачыў Валерый Грамада.
Вадзім Гігін адзначыў, што дружба заўсёды ўмацоўваецца веданнем, а веданне абапіраецца на кнігу. "Цяпер, адкрываючы Цэнтр кнігі, мы ствараем на тэрыторыі Беларусі яшчэ адзін кітайскі дом, які дасць магчымасць нам стаць крыху бліжэй адзін да аднаго, а гэта вялікая справа", - рэзюмаваў генеральны дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.