30 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Адбылася тэлефонная размова Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі з Прэзідэнтам Казахстана Касым-Жамартам Такаевым. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе беларускага лідара.
Прэзідэнт Казахстана павіншаваў кіраўніка беларускай дзяржавы з надыходзячым Новым годам. Касым-Жамарт Такаеў падзякаваў Аляксандру Лукашэнку за кастрычніцкі афіцыйны візіт, адзначыўшы яго значнасць для Казахстана і развіцця двухбаковых адносін. Ён таксама выказаў словы ўдзячнасці за спачуванні, накіраваныя ў сувязі з авіякатастрофай, падкрэсліўшы, што ў Казахстане ведаюць і адчуваюць - братэрскі беларускі народ заўсёды побач у цяжкую мінуту.
"Аляксандр Лукашэнка запрасіў Касым-Жамарта Такаева зрабіць афіцыйны візіт у Беларусь, адзначыўшы, што яго чакаюць у нашай краіне. Прэзідэнт Казахстана ў адказ заявіў, што разглядае свой будучы візіт як імпульс да развіцця дасягнутых у кастрычніку дамоўленасцей", - расказалі ў прэс-службе.
У цэлым кіраўнікі дзяржаў адзначылі высокую выніковасць двухбаковых кантактаў і дынаміку развіцця шматпланавага супрацоўніцтва Беларусі і Казахстана, выказалі надзею на прадаўжэнне плённага ўзаемадзеяння і ў надыходзячым 2020 годзе.