Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Каляды і Новы год у Беларусі
Улада
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Улада | Падзеі

Падзеі

21 Врс 2023

Ад СНД да Кітая і Кубы. Міжнародная асацыяцыя акадэмій навук пашырае геаграфію

Ад СНД да Кітая і Кубы. Міжнародная асацыяцыя акадэмій навук пашырае геаграфію

21 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Міжнародная асацыяцыя акадэмій навук пашырае геаграфію, у яе склад увойдзе Кубінская акадэмія навук. Аб гэтым паведаміў журналістам старшыня Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, кіраўнік Міжнароднай асацыяцыі акадэмій навук Уладзімір Гусакоў на палях пасяджэння Савета МААН, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"У юбілейным пасяджэнні прымае ўдзел амаль 100 замежных удзельнікаў. На чале дэлегацый - прэзідэнты або віцэ-прэзідэнты акадэмій навук. Усе зацікаўлены ў супрацоўніцтве, засумавалі па стасунках, хочуць абмеркаваць праблемы развіцця навукі на перспектыву. Прадстаўніцтва вельмі шырокае - ад СНД да В'етнама, Манголіі, Кітая. Сёння мы маем намер прыняць у нашу асацыяцыю Кубінскую акадэмію навук", - расказаў Уладзімір Гусакоў.

Паводле яго слоў, падрыхтавана дэкларацыя аб развіцці навукі краін МААН да 2030 года. "Запланаваны шэраг дакладаў кіраўнікоў дэлегацый, яны прадставяць свае вынікі і ўнясуць прапановы па развіцці. Абмяняемся інфармацыяй як аб поспехах, так і аб нявырашаных задачах і праблемах, намецім наша ўзаемадзеянне на працяглую перспектыву. Абмяркуем найноўшыя выклікі - лічбавізацыя, штучны інтэлект, стварэнне разумных сістэм, мікраэлектроніка, біятэхналогіі. Разгледзім і пытанні змянення клімату. Для вырашэння складаных навуковых задач вельмі важная кааперацыя", - адзначыў старшыня Прэзідыума НАН.

Пасяджэнне Савета Міжнароднай асацыяцыі акадэмій навук прысвечана 30-годдзю з дня заснавання асацыяцыі. У ім прымаюць удзел прадстаўнікі кіраўніцтва Нацыянальных акадэмій навук Беларусі, Расіі, трох правінцый Кітая, Арменіі, Азербайджана, Кубы, В'етнама, Манголіі, Кыргызстана і інш. У рабоце Савета МААН удзельнічаюць таксама кіраўнікі вядучых навуковых цэнтраў. Сярод іх - Маскоўскі дзяржаўны ўніверсітэт імя М.В. Ламаносава, НДЦ "Курчатаўскі інстытут" (Расія), Расійская акадэмія адукацыі і іншыя.

Удзельнікі абмяркоўваюць асноўныя вынікі дзейнасці МААН, дзейнасць навуковых саветаў і стварэнне новых, прыняцце новага члена ў МААН і іншыя важныя тэмы. У цэнтры ўвагі кіраўнікоў акадэмій навук - пытанні далейшага ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва па ключавых напрамках развіцця сучаснай навукі.

Міжнародная асацыяцыя акадэмій навук аб'ядноўвае акадэміі навук краін СНД і іншых краін, універсітэты, буйныя навуковыя цэнтры. З 2017 года функцыі базавай акадэміі навук у арганізацыйным і метадычным суправаджэнні МААН выконвае Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, а кіраўніком МААН з'яўляецца старшыня Прэзідыума НАН Беларусі акадэмік Уладзімір Гусакоў. Вышэйшы кіруючы орган - Савет МААН. У асацыяцыі дзейнічае 26 навуковых саветаў па буйных навуковых напрамках, у склад якіх уваходзяць вядучыя вучоныя ў галіне біялогіі, вірусалогіі, нанатэхналогій, геалогіі, гісторыі, навуказнаўства краін СНД, Кітая і інш.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі