21 жніўня, Дзяржынскі раён /Кар. БЕЛТА/. Супраць Беларусі дзейнічаюць некалькі цэнтраў сіл, дзе аселі "ўрады ў выгнанні". Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў сёння, наведваючы агракамбінат "Дзяржынскі", перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Каардынацыйны савет - гэта прыгожая назва. За мяжой сёння, па-мойму, ужо пяць урадаў у выгнанні", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт звярнуў увагу, як былы прэтэндэнт на пасаду кіраўніка дзяржавы Валерый Цапкала мяняе сваё месцазнаходжанне: спачатку ён асеў у Расіі, але "там яго папярэдзілі", і ён пераехаў ва Украіну, а затым яму давялося перамясціцца ў Варшаву, таму што Кіеў таксама не захацеў сварыцца з Мінскам. "І ён смелы, робіць заявы з Варшавы, - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. - Вось гэта адзін з "урадаў".
Святлане Ціханоўскай, расказаў Прэзідэнт, давялося дапамагаць з выездам за мяжу, прычым не без яго ўдзелу. "Па яе просьбе, - звярнуў ён увагу. - Яна нармальная жанчына, любіць сваіх дзяцей. Але яе кінулі на папялішча, і яна сёння топчацца на гэтых галавешках. Яе аблыталі, ахуталі Міністэрства замежных спраў (Літвы. - Заўвага БЕЛТА), спецслужбы, яна пачала ўжо рабіць заявы. Вось яшчэ адзін цэнтр. Я проста не хачу пералічваць - яны ад Амерыкі да Варшавы".
Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што па факце стварэння каардынацыйнага савета была ўзбуджана крымінальная справа, і апазіцыйны штаб сам разумее, што іх дзеянні незаконныя. Цяпер апазіцыя прэтэндуе на шматмільённую падтрымку ад Еўрасаюза, аб якой нядаўна заявілі ў Еўропе, аднак гэтыя грошы без ведама дзяржавы ў краіну не паступяць.
"Я Прэзідэнт краіны. Не дай бог, краіна стане на дыбкі і разваліцца - вам не будзе работы. І вы з мяне запатрабуеце. І пляваць я хацеў бы на ўсе гэтыя пасады, але я сяджу і думаю: а што будзе з вамі, калі яны прыйдуць і пачнуць усё гэта дзяліць. Вас забяруць з усімі трыбухамі. І вы мяне будзеце праклінаць заўсёды: "Мы цябе выбралі, чаму ты не абараніў нас?" Вось, што мяне больш за ўсё непакоіць, - заявіў Аляксандр Лукашэнка. - Тых жа амонаўцаў, дзяржслужачых, журналістаў кожны дзень цкуюць. Не хачу называць прозвішча, але аднаму намесніку кіраўніка прыслалі СМС: да вечара не здашся, забяром дачку. Гэта будзем выпальваць гарачым жалезам. І вы можаце мяне асуджаць або не асуджаць, але пакуль я Прэзідэнт, я буду праводзіць жорсткую палітыку на стабілізацыю абстаноўкі ўнутры краіны".