Руіны Навагрудскага замка
Навагрудак – першая сталіца Вялікага княства Літоўскага.
У XIII стагоддзі ў час кіравання Міндоўга на Замкавай гары, дзе размяшчаўся драўляны дзядзінец, была пабудавана першая мураваная вежа-данжон – Шчытовая, якая не аднойчы абараняла горад ад ворага, была разбурана і зноў адроджана. Але ўсё ж доўгі час яна заставалася адзіным мураваным умацаваннем. І толькі з канца ХIV стагоддзя разгарнулася вялікае будаўніцтва. На ўзгорку выраслі сцены і 3-ярусныя цагляныя вежы з байніцамі на кожным паверсе, з’явілася вынасная Калодзежная вежа, побач з якой білі водныя крыніцы, былі ўзведзены мураваны храм і двухпавярховы палац. У пачатку XVI стагоддзя з’явілася вялікая вежа Дазорца, якая была злучана са Шчытовай тоўстай мураванай сцяной і замкнула ўмацаванні ў кальцо. Сямівежавы замак стаў ключавым апорным пунктам і адной з наймацнейшых крэпасцей у ВКЛ.
Да нашых дзён захаваліся толькі рэшткі дзвюх вежаў – Шчытовай і Касцельнай, а таксама невялікія руіны, цудам уцалелыя праз стагоддзі.