31 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Намеснік прэм'ер-міністра Беларусі Васіль Жарко сустрэўся з рэгіянальным дырэктарам Аб'яднанай праграмы ААН па ВІЧ/СНІДу (ЮНЭЙДС) ва Усходняй Еўропе і Цэнтральнай Азіі Вінеем Патрыкам Салдана. Адпаведная інфармацыя размешчана на афіцыйным сайце ўрада, паведамляе БЕЛТА.
У ходзе сустрэчы Віней Салдана выказаў задавальненне бягучым узроўнем узаемадзеяння Беларусі і ЮНЭЙДС і вітаў мэтанакіраваныя намаганні Беларусі па фарміраванні эфектыўнага і ўстойлівага ўнутранага адказу на праблему ВІЧ/СНІД.
У сваю чаргу Васіль Жарко адзначыў, што членства Беларусі з 2017 года ў кіруючым органе ЮНЭЙДС надало новы імпульс рабоце дзяржаўных органаў у інтарэсах грамадзян краіны.
Віцэ-прэм'ер прапанаваў ЮНЭЙДС разгледзець Беларусь у якасці пляцоўкі для абмену вопытам работы па процідзеянні ВІЧ.
Акрамя таго, Васіль Жарко звярнуў увагу на неабходнасць пашырэння доступу да якасных і недарагіх антырэтравірусных прэпаратаў і звярнуўся з просьбай аказаць садзейнічанне ў вырашэнні гэтай праблемы.
У ходзе сустрэчы Васіль Жарко і Віней Салдана таксама абмеркавалі шэраг іншых пытанняў па супрацоўніцтве ў барацьбе з распаўсюджваннем ВІЧ/СНІД.