Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Каляды і Новы год у Беларусі
Улада
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Улада | Падзеі

Падзеі

5 Крс 2016

Зацверджана дзяржпраграма "Адукацыя і маладзёжная палітыка" на 2016-2020 гады

5 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Урад зацвердзіў дзяржаўную праграму "Адукацыя і маладзёжная палітыка" на 2016-2020 гады. Адпаведнае рашэнне змешчана ў пастанове Савета Міністраў ад 28 сакавіка 2016 года нумар 250, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе беларускага ўрада.

Праграма накіравана на павышэнне якасці і даступнасці адукацыі ў адпаведнасці з патрэбнасцямі інавацыйнай эканомікі і патрабаваннямі інфармацыйнага грамадства. Прадугледжваецца развіццё патэнцыялу моладзі і яе ўключэнне ў грамадска-карысную дзейнасць.

Праграма мае адзінаццаць падпраграм: "Развіццё сістэмы дашкольнай адукацыі", "Развіццё сістэмы агульнай сярэдняй адукацыі", "Развіццё сістэмы спецыяльнай адукацыі", "Развіццё сістэмы прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі", "Развіццё сістэмы вышэйшай адукацыі", "Развіццё сістэмы паслявузаўскай адукацыі", "Развіццё сістэмы дадатковай адукацыі дарослых", "Развіццё сістэмы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі", "Забеспячэнне функцыянавання сістэмы адукацыі Рэспублікі Беларусь", "Падрыхтоўка кадраў для ядзернай энергетыкі", "Маладзёжная палітыка".

Рэалізацыя падпраграмы "Развіццё сістэмы дашкольнай адукацыі" дасць магчымасць да 2020 года павысіць ахоп дзяцей ад 3 да 6 гадоў установамі дашкольнай адукацыі да 98 працэнтаў (у 2015-м - 94,7 працэнта), у тым ліку ў сельскай мясцовасці - да 70 працэнтаў (у 2015 годзе - 66,2 працэнта). Будзе ўдасканалена навукова-метадычнае і матэрыяльна-тэхнічнае забеспячэнне дашкольнай адукацыі, да 80 працэнтаў павысіцца аснашчанасць устаноў дашкольнай адукацыі аўтаматызаванай сістэмай па ўліку і кантролі за якасцю харчавання і інш.

Сярод асноўных задач падпраграмы "Развіццё сістэмы агульнай сярэдняй адукацыі" - павышэнне кваліфікацыйнага ўзроўню настаўнікаў, падрыхтоўка і выданне новых падручнікаў і навучальных дапаможнікаў, выкарыстанне ў адукацыйным працэсе сучасных сродкаў навучання і вучэбнага абсталявання, удасканаленне нацыянальнай сістэмы ацэнкі якасці агульнай сярэдняй адукацыі.

Падпраграма "Развіццё сістэмы вышэйшай адукацыі" прадугледжвае павышэнне якасці вышэйшай адукацыі і паляпшэнне іміджу сістэмы вышэйшай адукацыі Беларусі ў сусветнай адукацыйнай прасторы. Сярод асноўных задач - павышэнне кваліфікацыі прафесарска-выкладчыцкага складу, паглыбленне сувязей сістэмы вышэйшай адукацыі з арганізацыямі - заказчыкамі кадраў, адкрыццё філіялаў кафедраў на прадпрыемствах, а таксама ў арганізацыях Нацыянальнай акадэміі навук.

У адну з падпраграм уключаны мерапрыемствы па развіцці ў Беларусі сістэмы падрыхтоўкі кадраў для ядзернай энергетыкі. Яе рэалізацыя дасць магчымасць ажыццявіць падрыхтоўку спецыялістаў, неабходных для будаўніцтва, уводу і бяспечнай эксплуатацыі АЭС. Будзе ўдасканалена нарматыўна-прававая база па пытаннях кадравага забеспячэння прадпрыемстваў і арганізацый ядзерна-энергетычнай галіны.

Адказным заказчыкам дзяржпраграмы "Адукацыя і маладзёжная палітыка" на 2016-2020 гады выступае Міністэрства адукацыі.

Фінансаванне праграмы будзе ажыццяўляцца ў межах сродкаў, якія прадугледжваюцца ў рэспубліканскім і мясцовых бюджэтах на гэтыя мэты, і іншых крыніц.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі