28 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Арменія падтрымала назначэнне дзяржсакратара Савета бяспекі Беларусі Станіслава Зася на пасаду генеральнага сакратара АДКБ. Гэту інфармацыю карэспандэнту БЕЛТА пацвердзіў начальнік упраўлення інфармацыі і лічбавай дыпламатыі - прэс-сакратар МЗС Беларусі Анатоль Глаз.
Станіслаў Зась 27-28 мая наведаў Ерэван, дзе сустрэўся з прэм'ер-міністрам Ніколам Пашынянам і міністрам замежных спраў Арменіі Заграбам Мнацаканянам.
"У час сустрэч былі абмеркаваны пытанні стану спраў і перспектыў функцыянавання АДКБ. Атрымана падтрымка армянскага боку назначэння на пасаду генеральнага сакратара АДКБ Станіслава Зася з 1 студзеня 2020 года", - сказаў Анатоль Глаз.
Станіслаў Зась быў прапанаваны на пасаду генеральнага сакратара АДКБ у канцы 2018 года, пасля таго як Юрый Хачатураў быў датэрмінова адкліканы армянскім бокам з гэтай пасады. Беларускую кандыдатуру адразу падтрымалі Кыргызстан, Казахстан, Таджыкістан і Расія. Супраць гэтага назначэння выступіла Арменія, якая настойвала на назначэнні свайго прадстаўніка. Савет міністраў замежных спраў краін - удзельніц АДКБ 22 мая ўнёс кандыдатуру Станіслава Зася на пасаду генеральнага сакратара аб'яднання.