21 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Запіс ад імя Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі зроблены ў кнізе спачуванняў пасольства Ірана ў Мінску. Па даручэнні кіраўніка дзяржавы пасланне са словамі спачування пакінуў першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Максім Рыжанкоў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Ад імя народа Рэспублікі Беларусь і сябе асабіста выказваю нашы шчырыя спачуванні ў сувязі з трагічнай гібеллю ў авіякатастрофе майго сябра, Прэзідэнта Ісламскай Рэспублікі Іран Эбрахіма Раісі, а таксама міністра замежных спраў Ірана Хасейна Аміра Абдалахіяна і іншых асоб, якія яго суправаджалі, - гаворыцца ў спачуванні ад імя кіраўніка беларускай дзяржавы. - Заўчасна пайшлі з жыцця выдатныя палітычныя дзеячы ў самым росквіце сваёй палітычнай кар'еры, якія вельмі шмат зрабілі для ўмацавання аўтарытэту сваёй дзяржавы, дабрабыту яе жыхароў".
У спачуванні адзначаецца, што ўсяго крыху больш як год таму беларуская дэлегацыя мела магчымасць адчуць цёплы, дружалюбны прыём на гасціннай іранскай зямлі, была дасягнута дамоўленасць з іранскімі калегамі аб рэалізацыі вялікай колькасці праектаў і ініцыятыў. Лідары дзвюх краін абмяркоўвалі пытанні міжнароднага парадку дня і двухбаковага супрацоўніцтва.
"У маёй памяці ён назаўжды застанецца як вельмі прафесійны і мудры палітык, які вельмі шмат зрабіў для ўмацавання беларуска-іранскіх адносін, - гаворыцца ў спачуванні. - Перадаю словы падтрымкі і пажаданні стойкасці духу ў сувязі з гэтай цяжкай стратай сем'ям, сябрам і калегам загінулых, глыбока смуткую разам з усім іранскім народам".
У якасці выказвання спачуванняў і ў памяць аб трагічнай гібелі Прэзідэнта Ірана і высокапастаўленых кіраўнікоў гэтай краіны Максім Рыжанкоў таксама перадаў у пасольства кошык белых руж ад Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі. Напярэдадні кіраўнік беларускай дзяржавы накіраваў спачуванне Вярхоўнаму лідару Ісламскай Рэспублікі Іран Алі Хаменеі, адзначыўшы, што ў Беларусі з глыбокім смуткам успрынялі вестку аб трагічнай гібелі Прэзідэнта Эбрахіма Раісі і шэрага высокапастаўленых кіраўнікоў. "Пайшлі з жыцця выдатныя сыны іранскага народа, сусветна вядомыя палітычныя і грамадскія дзеячы, актыўная праца і рашучыя крокі якіх забяспечвалі належныя пазіцыі Ісламскай Рэспублікі Іран у свеце, садзейнічалі ўмацаванню і росту высокага статусу дзяржавы на міжнароднай арэне", - гаворыцца ў спачуванні.
"Прэзідэнт Эбрахім Раісі застанецца ў гісторыі як мудры лідар, які ўсё сваё жыццё прысвяціў самаадданаму і бескарысліваму служэнню іранскаму народу, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Я назаўсёды захаваю самыя цёплыя ўспаміны аб сустрэчах і размовах са спадаром Прэзідэнтам, які быў сапраўдным сябрам Беларусі і шмат клапаціўся аб развіцці беларуска-іранскага супрацоўніцтва. Яго імя назаўжды ўнесена ў летапіс адносін нашых краін".
Максім Рыжанкоў, знаходзячыся ў пасольстве, падкрэсліў, што прыехаў не толькі па даручэнні кіраўніка дзяржавы, але і па закліку сэрца таксама. "Таму што Іран - гэта наш сябар. Беларусаў з іранскім народам звязваюць вельмі доўгія адносіны ўзаемавыручкі, вырашэнні мірным шляхам усіх пытанняў, падтрымка адзін аднаго па ўсіх напрамках нашых двухбаковых адносін, - сказаў ён у размове з журналістамі. - І, вядома, сённяшнія спачуванні - гэта не толькі праява павагі да лідара Ірана, які сапраўды практычна з самых першых крокаў сваёй палітычнай і грамадскай кар'еры быў звязаны з усімі этапамі развіцця сучаснай іранскай дзяржавы. Гэта чалавек, які на самай справе вельмі шмат зрабіў для нашых двухбаковых адносін".
Як адзначыў першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта, Аляксандра Лукашэнку і Эбрахіма Раісі звязвалі вельмі блізкія, сяброўскія адносіны, што было прадэманстравана ў ходзе маштабнага візіту кіраўніка беларускай дзяржавы ў Іран у 2023 годзе. Тады былі закладзены трывалыя, доўгатэрміновыя асновы для развіцця двухбаковых адносін па ўсіх напрамках.
Запіс у кнізе спачуванняў іранскага пасольства пакінуў ад сябе асабіста і ад Сакратарыята Савета бяспекі дзяржаўны сакратар Савета бяспекі Аляксандр Вальфовіч: "Гэта незаменная страта болем адгукаецца ў сэрцы кожнага беларуса. У гэты цяжкі час мы падзяляем боль і горыч страты, смуткуем разам з дружалюбным іранскім народам".
Аляксандр Вальфовіч, размаўляючы з журналістамі, падкрэсліў, што разам з беларускім народам падзяляе пачуццё горычы і страты ў сувязі з трагічнай гібеллю Прэзідэнта Ірана і высокапастаўленых кіраўнікоў гэтай краіны. "Гэта горыч, горыч, калі гінуць людзі, - сказаў ён. - Горыч і ад таго, што мы сапраўды страцілі сябра Беларусі". Дзяржсакратар звярнуў увагу, што і Беларусь, і Іран выступаюць за шматпалярны свет, раўнапраўе, справядлівасць, павагу ў адносінах да той палітыкі, якую праводзяць суверэнныя дзяржавы, за недапушчальнасць санкцый. "Такую палітыку праводзіў Прэзідэнт Ірана. Сумна, калі такія людзі раптоўна пакідаюць гэты свет. Памяць пра іх застаецца ў сэрцах людзей. Беларусь паважае і цэніць сяброў", - падкрэсліў Аляксандр Вальфовіч.
Першы намеснік міністра замежных спраў Сяргей Лукашэвіч таксама прыбыў у пасольства Ірана, каб выказаць словы спачування ў сувязі з трагічнымі падзеямі. "Мы, беларусы, - даволі сардэчныя людзі. Любы боль і трагедыя адгукаюцца ў нашым сэрцы. Мы з глыбокім жалем наведваем пасольства Ірана, каб выказаць словы спагады, - сказаў першы намеснік кіраўніка МЗС у размове з журналістамі. - Боль і страта іранскага народа таксама адгукаюцца ў нашым сэрцы. Як адзначыў Прэзідэнт у сваім пасланні, пайшоў з жыцця сябар Беларусі. Гэта страта і для нас. Для нас любая трагедыя ў доме нашых сяброў адгукаецца і ў нашым сэрцы". Сяргей Лукашэвіч выказаў надзею, што, пераадолеўшы ўсе цяжкасці, Беларусь і Іран будуць развіваць супрацоўніцтва і рэалізацыя ўсіх дасягнутых дамоўленасцей будзе прадоўжана.
Раней днём 21 мая пасольства Ірана наведалі старшыні Савета Рэспублікі і Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Наталля Качанава і Ігар Сергяенка, яны пакінулі запісы ў кнізе спачуванняў.
"Прэзідэнт Эбрахім Раісі назаўсёды застанецца ў нашай памяці сябрам Беларусі, выдатным палітычным, духоўным і дзяржаўным дзеячам, які ўсё сваё жыццё прысвяціў самаадданаму служэнню іранскаму народу, умацаванню міжнародных пазіцый і аўтарытэту Ісламскай Рэспублікі Іран. Мы высока цэнім асабісты ўклад Эбрахіма Раісі ў развіццё беларуска-іранскага супрацоўніцтва і дружбы паміж нашымі краінамі. Упэўнена, што памяць пра выключнага і прынцыповага лідара дзяржавы назаўсёды застанецца ў сэрцах мільёнаў грамадзян ва ўсім свеце. Шчыра суперажываем з народам Ірана і падзяляем з ім смутак і гора страты", - гаворыцца ў спачуванні ад імя Наталлі Качанавай і Савета Рэспублікі.
"З глыбокім смуткам беларускія парламентарыі ўспрынялі паведамленне аб смерці Прэзідэнта Ісламскай Рэспублікі Іран Эбрахіма Раісі і асоб, якія яго суправаджалі, пры крушэнні верталёта ў горным раёне на паўночным захадзе Ірана, - гаворыцца ў спачуванні Ігара Сергяенкі. - Пайшоў з жыцця мудры і таленавіты дзяржаўны дзеяч, мужны і адданы сваёй Айчыне і народу чалавек. Прэзідэнт Ірана карыстаўся шчырай любоўю мільёнаў людзей. Эбрахім Раісі прыкладаў значныя намаганні для ўмацавання беларуска-іранскіх сувязей у розных галінах, уключаючы міжпарламенцкае ўзаемадзеянне. У нашых сэрцах захаваецца пра яго самая светлая памяць".
Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Ісламскай Рэспублікі Іран у Рэспубліцы Беларусь Алірэза Санеі падзякаваў беларускаму боку за падтрымку і салідарнасць з іранскім народам. "У Іране мы заўсёды гаворым, што сапраўдных сяброў можна выявіць у цяжкіх сітуацыях. Мы гэта на самай справе адчуваем тут, у Беларусі", - сказаў дыпламат. Паводле яго слоў, з першых гадзін, як стала вядома аб трагедыі, беларусы (як высокапастаўленыя асобы, кіраўнікі розных узроўняў, так і прадстаўнікі розных арганізацый, звычайныя грамадзяне) прыязджаюць да пасольства Ірана, каб прынесці кветкі, выказаць спачуванні ў сувязі з трагічным здарэннем. Многія высокапастаўленыя асобы Беларусі яшчэ напярэдадні выказвалі словы спагады ў тэлефоннай размове, а 21 мая многія прыязджаюць у пасольства асабіста, каб пакінуць запіс у кнізе спачуванняў, выказаць салідарнасць з народам Ірана. Будынак дыпмісіі на працягу дня наведваюць прадстаўнікі беларускіх органаў дзяржкіравання, парламента, прадпрыемстваў краіны, грамадскіх і рэлігійных арганізацый, дыпламатычных місій іншых краін, а таксама простыя грамадзяне.
Кніга спачуванняў будзе адкрыта 21, 22 і 23 мая ў пасольстве Ірана ў Мінску па адрасе Старавіленскі тракт, 11. Пасланні са спачуваннямі таксама можна накіраваць на электронную пошту пасольства info@iranembassy.by.