29 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. З 1 ліпеня ўступаюць у сілу змяненні ў закон аб прававым становішчы замежных грамадзян і асоб без грамадзянства. Згодна з абноўленым законам, прыбыўшыя ў Беларусь на тэрмін да дзесяці сутак вызваляюцца ад абавязку рэгістрацыі ў органах унутраных спраў або Міністэрстве замежных спраў, паведамілі БЕЛТА ў МУС.
У Дэпартаменце па грамадзянстве і міграцыі МУС паведамілі, што змяненні ў законе накіраваны на павышэнне турыстычнай і інвестыцыйнай прывабнасці. "Так, з 1 ліпеня вызваляюцца ад абавязку рэгістрацыі ў органах унутраных спраў або Міністэрстве замежных спраў замежныя грамадзяне, якія прыбылі ў Беларусь на тэрмін да дзесяці сутак. Гэта значыць, калі замежны грамадзянін прыбыў у нашу краіну і пасяліўся па прыватным адрасе на тэрмін, што не перавышае 10 сутак, ён не падлягае рэгістрацыі ў перыяд часовага знаходжання. Цяпер без рэгістрацыі можна знаходзіцца не больш за 5 сутак - акрамя расіян і грамадзян некаторых іншых краін-суседзяў, што заключылі міжурадавыя пагадненні з Беларуссю аб больш працяглым знаходжанні без рэгістрацыі", - расказалі ў МУС.
Гасцініцы, санаторна-курортныя і аздараўленчыя арганізацыі, а таксама суб'екты аграэкатурызму не будуць займацца рэгістрацыяй замежных грамадзян, якія часова знаходзяцца у Беларусі. Цяпер гэтыя аб'екты стануць інфармаваць непасрэдна органы ўнутраных спраў - з дапамогай партала электронных паслуг або іншым спосабам.
"Пашыраны пералік падстаў для атрымання дазволу на часовае пражыванне іншаземцамі, якія прыбываюць у краіну для навучання. Гэта змяненне дасць магчымасць ВНУ прыцягваць у Беларусь больш замежных студэнтаў, павялічыць экспарт адукацыйных паслуг, упарадкаваць падрыхтоўку да ВНУ", - адзначылі ў МУС.
Для высокакваліфікаваных замежных работнікаў прадугледжваецца выдача дазволу на часовае пражыванне тэрмінам да двух гадоў. Пры гэтым з 7 да 3 гадоў зніжаны цэнз часовага пражывання такіх іншаземцаў для далейшага атрымання дазволу на пастаяннае пражыванне. Таксама з 7 да 5 гадоў зніжаны тэрмін часовага пражывання, неабходны для атрымання замежнымі грамадзянамі ў далейшым пасведчання на права жыхарства ў Беларусі.
Калі замежны грамадзянін інвесціруе ў Беларусі, ён таксама можа атрымаць дазвол на пастаяннае пражыванне. Аднак калі раней неабходны мінімальны памер інвестыцыі вылічаўся ў валюце і складаў 150 тыс. еўра, то ў новай рэдакцыі адзначаецца сума 15 тыс. базавых велічынь (на сёння Br405 тыс.).
Змяненні ў законе таксама датычацца спрашчэння парадку прыняцця кампетэнтнымі органамі рашэнняў аб адмове ў візе або ва ўездзе ў краіну. З 1 ліпеня па запытах замежных грамадзян, у тым ліку праз афіцыйны сайт МУС, можна бязвыплатна атрымаць інфармацыю аб фактычных абставінах і падставах, тэрмінах іх уключэння ў спіс асоб, уезд якіх у Беларусь забаронены або непажаданы.