6 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Загрузка ядзернага паліва ў рэактар першага энергаблока Беларускай АЭС пачнецца 7 жніўня, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА прэс-сакратар Міністэрства энергетыкі Вольга Казловіч.
"7 жніўня пачнецца загрузка ядзернага паліва ў актыўную зону рэактара першага энергаблока БелАЭС. Гэта адзін з этапаў працэсу ўводу энергаблока ў эксплуатацыю", - праінфармавала Вольга Казловіч.
Усяго ў жніўні ў рэактар будзе загружана 163 цеплавыдзяляльныя зборкі з ядзерным палівам.
Беларуская АЭС з двума рэактарамі ВВЭР-1200 сумарнай магутнасцю 2400 МВт будуецца па расійскім праекце АЭС-2006 паблізу Астраўца Гродзенскай вобласці. Генеральным падрадчыкам выступае інжынірынгавы дывізіён дзяржкарпарацыі "Расатам". Энергаблокі пакалення 3+ маюць палепшаныя тэхніка-эканамічныя паказчыкі. Галоўнай іх асаблівасцю з'яўляецца ўнікальнае спалучэнне актыўных і пасіўных сістэм бяспекі.