Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Каляды і Новы год у Беларусі
Улада
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Улада | Падзеі

Падзеі

20 Лют 2023

Хто трапіць у народнае апалчэнне і якія задачы яно будзе выконваць. Хрэнін адказаў на галоўныя пытанні

Хто трапіць у народнае апалчэнне і якія задачы яно будзе выконваць. Хрэнін адказаў на галоўныя пытанні
Фота з архiва

20 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Асноўнай задачай народнага апалчэння стане абарона сваёй мясцовасці і забеспячэнне правапарадку сумесна з міліцыяй. Аб гэтым расказаў журналістам міністр абароны Віктар Хрэнін, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

На пасяджэнні Савета бяспекі 20 лютага быў разгледжаны праект закона "Аб народным апалчэнні". Як падкрэсліў у час пасяджэння Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка: "Я ўжо не раз гаварыў: кожны мужчына (ды і не толькі мужчына) павінен умець, як мінімум, абыходзіцца са зброяй. Хаця б для таго, каб у выпадку неабходнасці абараніць сваю сям'ю, свой дом, родны куток зямлі і, калі спатрэбіцца, краіну, без якой не будзе ні кутка, ні дома, нічога іншага. Многія гэта разумеюць".

Дакумент быў распрацаваны Міністэрствам абароны сумесна з Міністэрствам унутраных спраў. Падрабязнасці аб законапраекце журналістам расказаў кіраўнік абароннага ведамства Віктар Хрэнін.

Навошта Беларусі спатрэбіўся закон аб народным апалчэнні?

"Неабходнасць прыняцця гэтага закона абумоўлена двума фактарамі. Па-першае, гэта стварэнне дадатковых умоў для падтрымання правапарадку ў перыяд ваеннага становішча на тэрыторыях, якія ў найменшай ступені будуць ахоплены органамі ўнутраных спраў і войскамі. А гэта перш за ўсё нашы сельскія населеныя пункты, асобныя раённыя гарады. Другі фактар - гэта даць нашым грамадзянам, якія не будуць ахоплены мабілізацыйнымі мерапрыемствамі, магчымасць удзельнічаць у абароне краіны", - растлумачыў Віктар Хрэнін.

Аб чым гаворыцца ў законапраекце?

У законапраекце прадугледжана, што склад, колькасць, задачы народнага апалчэння будуць вызначаць органы мясцовай улады. "Аднак асноўнай задачай для народнага апалчэння застаецца абарона перш за ўсё свайго дома, сваёй маёмасці і выкананне мерапрыемстваў па забеспячэнні правапарадку сумесна з міліцыяй", - расказаў міністр абароны.

Паводле дакумента, добраахвотнікі, якія ўступілі ў рады народнага апалчэння, будуць размяшчацца па месцы жыхарства і выконваць свае працоўныя функцыі. У наймальніка будзе права вызваляць гэтых грамадзян ад працы з захаваннем заработнай платы і працоўнага месца.

"Мы таксама прадугледзелі, што на добраахвотнікаў будуць распаўсюджвацца і сацыяльныя гарантыі: тыя, якія распаўсюджваюцца на ваеннаслужачых па мабілізацыі", - адзначыў Віктар Хрэнін.

Калі ў Беларусі будуць ствараць народнае апалчэнне?

Восенню 2022 года ў Беларусі правялі эксперымент па арганізацыі народнага апалчэння. Ён прайшоў на базе Лабжанскага сельскага савета Клімавіцкага раёна Магілёўскай вобласці.

"Людзі адгукнуліся. Жадаючыя прыняць удзел у народным апалчэнні прыйшлі. Мы з імі правялі адпаведныя заняткі і зразумелі, што ў нашых людзей ёсць такая патрэбнасць - мець дачыненне да забеспячэння абароны нашай дзяржавы. У цэлым, лічу, што народнае апалчэнне, якое мы ствараем, дапоўніць і павысіць магчымасць той жа тэрытарыяльнай абароны і палепшыць якасць выканання задач па забеспячэнні абароны нашай краіны", - заявіў кіраўнік Мінабароны.

Склад народнага апалчэння, усе спісы будуць вызначаны ўжо цяпер, у мірны час. Каб у выпадку ўзнікнення пагрозы гэтыя пытанні не давялося вырашаць імгненна. "Хутка і імгненна нічога не атрымліваецца і не ствараецца, - заўважыў Віктар Хрэнін. - Кантрольныя, праверачныя мерапрыемствы, якія мы праводзім як з Узброенымі Сіламі, так і з тэрытарыяльнай абаронай, мы будзем праводзіць у тым ліку і з народным апалчэннем. Кожны павінен умець валодаць зброяй і абараняць свой дом. Гэта сутнасць і закладваецца ў стварэнні народнага апалчэння".

Колькі грамадзян можа трапіць у народнае апалчэнне?

Паводле разлікаў ваенных, колькасць народнага апалчэння можа скласці 100-150 тыс. чалавек. Але ў Міністэрстве абароны не выключаюць, што добраахвотнікаў можа быць і больш.

"У нас дастаткова мабілізацыйнага рэсурсу, які стаіць на ўліку ў нашых ваенных камісарыятах. Мы правялі праверку і бачым, што яны не ўсе будуць задзейнічаны па мабілізацыйным плане. Гэта перш за ўсё тыя людзі, якія ўжо абучаны і ўмеюць валодаць зброяй. Але мы не выключаем, што добраахвотнікамі могуць стаць і тыя людзі, якія не прайшлі ваенную падрыхтоўку, у тым ліку і жанчыны", - расказаў міністр абароны.

Для добраахвотнікаў прадугледжаны курсы падрыхтоўкі. "Мы ў кароткі прамежак часу здольны абучыць людзей. Як пры стварэнні народнага апалчэння, так і да стварэння, у мірны час", - дадаў Віктар Хрэнін.

Чым народнае апалчэнне адрозніваецца ад войскаў тэрытарыяльнай абароны?

У Беларусі выбудавана эфектыўная сістэма абароны дзяржавы. Яе аснова - Узброеныя Сілы. Барацьба са злачыннасцю, ахова грамадскага парадку і грамадская бяспека - сфера кампетэнцый органаў унутраных спраў і ўнутраных войскаў і ў мірны, і ў ваенны час. Для забеспячэння спакойнага функцыянавання дзяржаўных органаў і арганізацый, аб'ектаў эканомікі, інфраструктуры Беларусі ва ўмовах ваеннага часу створаны тэрытарыяльныя войскі.

"Тэрытарыяльная абарона - гэта воінскія фарміраванні, якія маюць зладжаную структуру. На іх ужо ў мірны час закладваецца адпаведная маёмасць: экіпіроўка, зброя, сродкі сувязі. Тэрытарыяльнай абаронай кіруюць губернатары, мясцовыя органы ўлады. Яна прызначана для выканання задач не толькі ў тым месцы, дзе сфарміравана. Народнае апалчэнне - гэта людзі, добраахвотнікі, якія прыйшлі. Мы прадастаўляем ім зброю, і яны будуць выконваць сваю задачу толькі ў сябе дома. Народнае апалчэнне будзе дапаўняць. Ім кіраваць будзе той жа губернатар, старшыня райвыканкама, сельскага савета сумесна з прадстаўнікамі Міністэрства ўнутраных спраў. Перш за ўсё гэта ўчастковыя на месцах", - растлумачыў Віктар Хрэнін.

Аснова законапраекта ў час пасяджэння Савета бяспекі была адобрана. Разам з тым Прэзідэнт даручыў яшчэ раз абмеркаваць і дапрацаваць гэты дакумент з усімі структурамі, каб пазбегнуць бюракратыі і прававых калізій. Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што асноўныя паўнамоцтвы па фарміраванні народнага апалчэння павінны быць у мясцовай вертыкалі ўлады, рэгуляваць яго дзейнасць будуць старшыні аблвыканкамаў.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі