14 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Маскве прайшла сустрэча міністра абароны Беларусі Віктара Хрэніна з міністрам абароны Расіі Сяргеем Шайгу. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе Міністэрства абароны Беларусі.
Паведамляецца, што кіраўнікі ваенных ведамстваў абмеркавалі пытанні ваеннага і ваенна-тэхнічнага супрацоўніцтва.
Раней беларускае ваеннае ведамства інфармавала, што Віктар Хрэнін прыбыў у расійскую сталіцу з афіцыйным візітам. У Маскве міністр абароны Беларусі прымае ўдзел у рабоце Міжнароднага ваенна-тэхнічнага форуму "Армія - 2023" і ХІ Маскоўскай канферэнцыі па міжнароднай бяспецы.
Як адзначыў Віктар Хрэнін на цырымоніі адкрыцця форуму, "Армія" - гэта адна з буйнейшых сусветных выставак узбраенняў і ваеннай тэхнікі, дзе дэманструюцца найноўшыя дасягненні абароннай прамысловасці, увасабленні інжынернай і навукова-вытворчай думкі.