8 снежня, Мінск /Аліна Грышкевіч - БЕЛТА/. Беларусь штогод удзельнічае больш як у 100 мерапрыемствах НАТА, звязаных з бяспекай. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА расказала прадстаўнік Дэпартамента па палітычных пытаннях і палітыцы бяспекі НАТА Таня Хартман, якая 8 снежня ў Мінску прыняла ўдзел у семінары "Міжнародная бяспека і НАТА ў 2015 годзе".
Міжнародны семінар быў арганізаваны Цэнтрам вывучэння знешняй палітыкі і бяспекі сумесна з факультэтам міжнародных адносін БДУ пры садзейнічанні Дэпартамента грамадскай дыпламатыі НАТА. Таня Хартман паведаміла на семінары, што ў НАТА праходзіць каля 1,4 тыс. розных мерапрыемстваў. Прычым кожны з партнёраў сам выбірае, што для яго цікава і ў якіх пунктах удзельнічаць.
"Беларусь удзельнічае прыкладна ў 100 трэніровачных пунктах. У прыватнасці, гэта было адно з мерапрыемстваў напярэдадні правядзення чэмпіянату свету. Пытанні бяспекі важныя, гэта безумоўна", - сказала прадстаўнік Дэпартамента па палітычных пытаннях і палітыцы бяспекі НАТА.
"Мы адкрыты для абмеркавання пытанняў бяспекі. Пры гэтым мне хацелася б адзначыць, што НАТА ні ў якім разе не імкнецца замяніць ААН па дыскусіі аб пытаннях бяспекі", - дадала Таня Хартман. Яна прадоўжыла: "Мы хацелі б супрацоўнічаць на тых палях, па той тэматыцы, якія цікавыя нашым партнёрам". Адносна Беларусі прадстаўнік НАТА ўдакладніла: "Мы гатовы пашырыць некаторыя тэмы супрацоўніцтва, але для гэтага Беларусь павінна выказаць свой інтарэс, паколькі мы не ведаем, якія тэмы цікавыя для беларускага боку".
Разам з гэтым яна заўважыла, што бачыць "кропкі росту ў абмене інфармацыяй, меркаваннямі, поглядамі, падобна да таго, як гэта адбывалася на семінары ў Мінску". Прадстаўнік альянсу таксама сказала, што НАТА адкрыта і гатова для павелічэння ваеннага супрацоўніцтва з Беларуссю. На думку Тані Хартман, перспектыўным для ўзаемадзеяння можа быць і праект "Навука дзеля міру", у рамках якога магчыма правядзенне семінараў, канферэнцый з мэтай абмеркавання ўзаемацікавых тэм.
На семінары адзначалася, што Беларусь на працягу 20 гадоў удзельнічае ў праграме НАТА "Партнёрства ў імя міру". Гэта праграма ваеннага супрацоўніцтва НАТА з еўрапейскімі дзяржавамі і былымі савецкімі рэспублікамі, якія не з'яўляюцца членамі альянсу, дзейнічае з 1994 года.
У семінары прынялі ўдзел дэкан факультэта міжнародных адносін БДУ Віктар Шадурскі, старшыня праўлення Цэнтра вывучэння знешняй палітыкі і бяспекі Андрэй Русаковіч, прадстаўнікі НАТА, латвійскага пасольства (якое з'яўляецца кантактным пасольствам НАТА ў Беларусі), МЗС Латвіі, Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў, інфармацыйна-асветнай установы "Актуальная канцэпцыя", беларускія палітолагі, эксперты.