28 студзеня, Мінск /Таццяна Пастушэнка - БЕЛТА/. Візіт у Беларусь дакладчыка Камісіі па палітычных пытаннях і дэмакратыі ПАСЕ Андрэа Рыгоні запланаваны на люты 2015 года. Аб гэтым паведаміў сёння старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі Уладзімір Андрэйчанка ў час пасяджэння Савета Палаты прадстаўнікоў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Гаворачы аб неабходнасці пашырэння міжпарламенцкага супрацоўніцтва, спікер адзначыў, што актыўную работу неабходна праводзіць на еўрапейскім напрамку. "У лютым плануецца візіт у нашу краіну дакладчыка па Беларусі Камісіі па палітычных пытаннях і дэмакратыі ПАСЕ Андрэа Рыгоні. Гэту магчымасць неабходна выкарыстаць для развіцця канструктыўнага дыялогу з Парламенцкай асамблеяй Савета Еўропы", - упэўнены ён.
Уладзімір Андрэйчанка таксама дадаў, што пашырэнне эканамічных інтарэсаў, развіццё гандлёва-эканамічных сувязей - гэта асноўны прыярытэт і галоўны крытэрый ацэнкі міжнароднай дзейнасці Палаты прадстаўнікоў. "Стратэгічным напрамкам тут з'яўляецца работа па абароне нацыянальных інтарэсаў у Еўразійскім эканамічным саюзе", - падкрэсліў ён.
Пры гэтым Уладзімір Андрэйчанка лічыць, што, паколькі парламенцкае вымярэнне еўразійскай інтэграцыі яшчэ не створана, а МПА ЕўрАзЭС спыніла сваю дзейнасць, неабходна ўзмацніць двухбаковае парламенцкае супрацоўніцтва на прасторы ЕАЭС, а таксама работу ў парламенцкіх структурах Саюзнай дзяржавы, СНД і АДКБ.