4 верасня, Мінск /Аліна Грышкевіч - БЕЛТА/. Вынікі канферэнцыі "Барацьба з тэрарызмам пры дапамозе інавацыйных падыходаў і выкарыстання новых і ўзнікаючых тэхналогій" у Мінску знойдуць адлюстраванне ў аглядзе Глабальнай антытэрарыстычнай стратэгіі ААН. Упэўненасць у гэтым выказаў журналістам намеснік міністра замежных спраў Беларусі Андрэй Дапкюнас па выніках канферэнцыі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Спадзяёмся, што мінская хваля лічбавай бяспекі не страціць сваёй сілы ў Нью-Ёрку, дзе ў чэрвені 2020 года пройдзе другая такая канферэнцыя высокага ўзроўню кіраўнікоў контртэрарыстычных устаноў дзяржаў - членаў ААН, а таксама ўнясе важкі ўклад у чарговы агляд Глабальнай антытэрарыстычнай стратэгіі Арганізацыі", - заявіў Андрэй Дапкюнас.
Ён яшчэ раз падкрэсліў, што Беларусь будзе і далей актыўна працаваць і ўносіць свой уклад у пошук аб'яднальнага парадку дня, у пераадоленне раздзяляльных ліній. У гэтым кантэксце, як сказаў Прэзідэнт, Беларусь не выходзіла з ДРСМД і гатова выступіць з ініцыятывай аб прыняцці дэкларацыі адказных краін аб неразмяшчэнні ракет сярэдняй і меншай далёкасці ў Еўропе. "Гэта яшчэ адзін наш крок, які павінен садзейнічаць дыялогу па аднаўленні даверу ў глабальным кантэксце", - падкрэсліў Андрэй Дапкюнас.
Намеснік міністра таксама падзякаваў намесніку генеральнага сакратара ААН Уладзіміру Варанкову і Контртэрарыстычнаму ўпраўленню, якое ён узначальвае, камандзе ААН у Беларусі за дапамогу ў арганізацыі канферэнцыі, а таксама ўсім удзельнікам, якія ўнеслі ўклад у яе паспяховае правядзенне.