18 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ "Аб сацыяльнай падтрымцы асобных катэгорый грамадзян". Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе беларускага лідара.
Указам прадугледжана з 1 студзеня 2021 года жанчынам, якія нарадзілі чацвярых дзяцей, залічваць у працоўны стаж для назначэння пенсіі час знаходжання ў водпуску па доглядзе дзіцяці працягласцю да 12 гадоў (цяпер - 9 гадоў). Назначаць ім працоўныя пенсіі пры наяўнасці стажу работы не менш як 20 гадоў і страхавога стажу не менш як 10 гадоў (цяпер - 17 гадоў 6 месяцаў).
З гэтай жа даты інвалідам I і II групы, якія маюць інваліднасць больш як 10 гадоў, будуць зніжаны патрабаванні да страхавога стажу для назначэння пенсіі па ўзросце (прапарцыянальна часу знаходжання на інваліднасці).
Інвалідам з дзяцінства на 5 гадоў знізяць патрабаванні да працягласці працоўнага стажу для атрымання права на датэрміновую пенсію па ўзросце (для жанчын - з 20 да 15 гадоў, для мужчын - з 25 да 20 гадоў).
Акрамя таго, бацькам дзяцей-інвалідаў з цяжкай ступенню страты здароўя, якія доўгі час ажыццяўлялі іх догляд (не менш як 20 гадоў), будзе павышаны памер сацыяльнай пенсіі да ўзроўню, супастаўнага з мінімальнай пенсіяй па ўзросце (да Br243,39 пры цяперашнім памеры Br123,39).
Прадугледжана таксама, што работнікам з няпоўным страхавым стажам (звыш 10 гадоў, але меншым за патрабуемы), будуць узамен сацыяльнай пенсіі назначаць працоўную пенсію па ўзросце пры няпоўным страхавым стажы. Пры гэтым жанчынам такая пенсія будзе назначацца пры дасягненні 60 гадоў, а мужчынам - 65 гадоў, як гэта прадугледжана для сацыяльнай пенсіі.
Яшчэ адно новаўвядзенне, якое таксама пачне дзейнічаць з новага года, - сямейным парам, у якіх узрост жанчыны не перавышае 40 гадоў, пры наяўнасці медыцынскіх паказанняў будзе бясплатна прадастаўляцца адна спроба экстракарпаральнага апладнення.
Акрамя таго, з 1 верасня 2020 года ўказам прадугледжана шматдзетным сем'ям павялічыць перыяд прадастаўлення дзяржаўнай адраснай сацыяльнай дапамогі ў выглядзе штомесячнай сацыяльнай дапамогі да 12 месяцаў (цяпер - да 6 месяцаў), а таксама крытэрый патрэбнасці са 100 працэнтаў да 115 працэнтаў БПМ у сярэднім на душу насельніцтва для назначэння такой дапамогі (да Br283,80 пры цяперашнім памеры Br246,78).