21 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Міністр замежных спраў Уладзімір Макей сустрэўся з Апостальскім нунцыем архібіскупам Антэ Ёзічам і мітрапалітам Мінска-Магілёўскай архіепархіі архібіскупам Іосіфам Станеўскім. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе МЗС Беларусі.
Асноўнымі тэмамі размовы сталі актуальны стан Рымска-каталіцкай царквы ў Рэспубліцы Беларусь, узаемадзеянне Святога Прастола і афіцыйнага Мінска, а таксама некаторыя іншыя пытанні двухбаковага і шматбаковага парадку дня. Па выніках абмеркавання бакі пацвердзілі імкненне да ўмацавання міжканфесійнага дыялогу, актывізацыі супрацоўніцтва ў розных сферах для дасягнення далейшай станоўчай дынамікі ўзаемадзеяння.
Уладзімір Макей пажадаў Іосіфу Станеўскаму доўгай і плённай працы на новай пасадзе.