25 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Узаемадзеянне Беларусі і Ірана на міжнароднай арэне абмяркоўвалася на сустрэчы намесніка міністра замежных спраў Беларусі Валянціна Рыбакова з дэлегацыяй групы дружбы Сходу Ісламскага Савета Ірана па супрацоўніцтве з Нацыянальным сходам Беларусі. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе МЗС Беларусі.
Іранскую дэлегацыю ўзначаліў старшыня групы дружбы Алі Каідзі.
Бакі абмяняліся думкамі наконт шырокага кола пытанняў беларуска-іранскага супрацоўніцтва. У тым ліку разгледжаны стан спраў па перагаворным працэсе Ірана з краінамі "шасцёркі" адносна іранскай ядзернай праграмы.
Акрамя таго, абмеркаваны перспектывы правядзення ў 2015 годзе сумесных мерапрыемстваў высокага ўзроўню, а таксама пытанні пашырэння двухбаковага ўзаемадзеяння ў розных сферах.