16 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Урад зацвердзіў заданне па экспарце тавараў і паслуг у Кітай на 2017-2020 гады. Гэта прадугледжана пастановай Савета Міністраў ад 12 мая 2017 года нумар 347 "Аб вызначэнні ключавых паказчыкаў эфектыўнасці работы па экспарце тавараў і паслуг у Кітайскую Народную Рэспубліку да 2020 года", паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў прэс-службе беларускага ўрада.
Саўмін зацвердзіў выкананне штогадовых заданняў па экспарце тавараў і паслуг у Кітай на 2017-2020 гады ў якасці ключавых паказчыкаў эфектыўнасці работы кіраўнікоў рэспубліканскіх органаў дзяржкіравання і іншых дзяржарганізацый, падпарадкаваных ураду, аблвыканкамаў і Мінскага гарвыканкама. Так, у 2017 годзе экспарт тавараў і паслуг у КНР павінен скласці $653 млн, у 2018-м - $806,6 млн, у 2019-м - $1 млрд 60,1 млн, у 2020-м - $1,5 млрд.
Кіраўнікам рэспубліканскіх органаў дзяржкіравання і іншых дзяржарганізацый, падпарадкаваных ураду, аблвыканкамаў і Мінскага гарвыканкама трэба забяспечыць замацаванне асоб, адказных за выкананне заданняў, на ўзроўні не ніжэйшым за намесніка кіраўніка; вызначыць спецыялістаў для аператыўнага ўзаемадзеяння з МЗС, пасольствам Беларусі ў Кітаі, беларускімі арганізацыямі-экспарцёрамі па пытаннях выканання заданняў; прадстаўляць у МЗС справаздачы аб экспарце тавараў і паслуг у КНР.
МЗС даручана сумесна са службовай асобай, замацаванай за КНР, забяспечыць садзейнічанне ў выкананні заданняў, а таксама сумесна з рэспубліканскімі органамі дзяржкіравання і іншымі дзяржарганізацыямі, падпарадкаванымі ўраду, аблвыканкамамі і Мінскім гарвыканкамам забяспечыць правядзенне маніторынгу і разгляд вынікаў выканання заданняў. Інфармацыя аб выкананні заданняў павінна прадастаўляцца штогод да 1 студзеня і 1 ліпеня ў Савет Міністраў.
Кантроль за выкананнем пастановы ўскладзены на Міністэрства замежных спраў.
Пастанова ўступае ў сілу з дня яе прыняцця.