25 жніўня, Масква /Эдуард Півавар - БЕЛТА/. Урад Расіі адобрыў падпісанне пагаднення з Беларуссю аб узаемным прызнанні сертыфікатаў аб вакцынацыі ад COVID-19. Адпаведнае распараджэнне, падпісанае прэм'ер-міністрам РФ Міхаілам Мішусціным, апублікавана на расійскім афіцыйным партале прававой інфармацыі, паведамляе БЕЛТА.
"Прыняць прапанову Міністэрства аховы здароўя Расіі, узгодненую з МЗС Расіі і іншымі зацікаўленымі федэральнымі органамі выканаўчай улады і папярэдне прапрацаваную з беларускім бокам, аб заключэнні шляхам абмену нотамі пагаднення паміж урадам РФ і ўрадам Рэспублікі Беларусь аб узаемным прызнанні сертыфікатаў аб вакцынацыі супраць новай каранавіруснай інфекцыі (COVID-19)", - гаворыцца ў дакуменце.
У адпаведнасці з праектам ноты, які таксама апублікаваны на партале, бакі не будуць прымяняць абмежаванні, абумоўленыя распаўсюджваннем новай каранавіруснай інфекцыі, у адносінах да ўладальнікаў сертыфікатаў аб вакцынацыі, выдадзеных на тэрыторыі абедзвюх дзяржаў, а таксама ў адносінах да дзяцей і падлеткаў малодшых за 18 гадоў, у якіх няма сертыфікатаў. Праектам устаноўлена, што сертыфікаты, акрамя асабістых даных грамадзяніна, павінны змяшчаць актуальны QR-код са звесткамі аб вакцынацыі.
У праекце таксама агаворваецца, што кожны з бакоў можа прыпыніць дзеянне пагаднення поўнасцю або часткова і афіцыйна паведаміць аб сваім намеры ў любы момант.