2 кастрычніка, Масква /Эдуард Півавар - БЕЛТА/. Урад Расіі адобрыў стварэнне генеральнага консульства Беларусі ў Екацярынбургу. Адпаведнае распараджэнне апублікавана на расійскім афіцыйным інтэрнэт-партале прававой інфармацыі, паведамляе БЕЛТА.
Згодна з дакументам, консульская акруга беларускай дыпустановы будзе ўключаць тэрыторыі Пермскага края, Курганскай, Свярдлоўскай, Цюменскай, Чэлябінскай абласцей, Ханты-Мансійскай аўтаномнай акругі - Югры і Ямала-Ненецкай аўтаномнай акругі.
Урад Расіі рэкамендаваў уладам Свярдлоўскай вобласці выдзеліць Беларусі ў Екацярынбургу службовыя і жылыя памяшканні на ўмовах арэнды або набыцця ва ўласнасць, а таксама вырашыць іншыя арганізацыйныя пытанні.
Акрамя пасольства Беларусі ў Маскве цяпер у Расіі дзейнічаюць генеральнае консульства Беларусі ў Санкт-Пецярбургу і аддзяленні пасольства ў Калінінградзе, Смаленску, Казані, Уфе, Ніжнім Ноўгарадзе, Растове-на-Доне, Краснаярску, Новасібірску, Екацярынбургу і Уладзівастоку.