30 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Урад прадоўжыў тэрміны інтэграцыі Беларускай АЭС у аб'яднаную энергетычную сістэму. Адпаведная пастанова Савета Міністраў ад 25 красавіка 2019 года нумар 260 афіцыйна апублікавана сёння на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале, паведамляе БЕЛТА.
Раней у комплексным плане развіцця электраэнергетычнай сферы да 2025 года з улікам уводу БелАЭС былі абазначаны тэрміны для інтэграцыі станцыі ў энергасістэму 2016-2020 гады. Новыя тэрміны работ - 2016-2025 гады. У тым ліку работы па перадпраектнай прапрацоўцы і ўстаноўцы электракатлоў у кацельнях арганізацый, якія не ўваходзяць у склад ДВА "Белэнерга", прадоўжаны па 2025 год. Тэрміны будаўніцтва пікава-рэзервовых энергакрыніц на базе газатурбінных установак або газапоршневых агрэгатаў - 2016-2021 гады, прадугледжаны ўвод да 800 МВт пікава-рэзервовых магутнасцей.
Распрацоўка нарматыўных прававых актаў, якія рэгулююць пытанні фарміравання тарыфаў на электраэнергію, прадугледжана ў 2016-2025 гадах.
Мерапрыемствы па фарміраванні аптовага рынку электраэнергіі прадоўжаны да 2025 года.
Беларуская АЭС з двума рэактарамі ВВЭР-1200 сумарнай магутнасцю 2400 МВт будуецца па расійскім праекце паблізу Астраўца (Гродзенская вобласць). Першы энергаблок плануецца ўвесці ў эксплуатацыю у 2019 годзе, другі - у 2020 годзе.