26 мая, Кішынёў /Андрэй Гусін - БЕЛТА/. Урад Малдовы адобрыў праект закона аб ратыфікацыі пагаднення з Беларуссю аб узаемнай абароне сакрэтнай інфармацыі, якое было падпісана ў Мінску 26 сакавіка 2015 года, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Як заявіла віцэ-прэм'ер, міністр замежных спраў і еўрапейскай інтэграцыі Малдовы Наталля Герман, названы дакумент устанаўлівае заканадаўчыя рамкі для абароны сакрэтнай інфармацыі на тэрыторыі Беларусі і наадварот.
Заключэнне і ратыфікацыя названага пагаднення будуць садзейнічаць далейшаму развіццю добрых адносін паміж Беларуссю і Малдовай па розных сегментах узаемавыгаднага супрацоўніцтва, паляпшэнню стасункаў паміж дзяржустановамі ў розных сацыяльна-эканамічных галінах, што дасць магчымасць умацаваць супрацоўніцтва дзвюх краін, у тым ліку эканамічнае.
Пагадненне аб узаемнай абароне сакрэтнай інфармацыі паміж Беларуссю і Малдовай заключана на неабмежаваны тэрмін і ўступіць у сілу з даты атрымання апошняга паведамлення бакоў аб выкананні ўсіх унутраных заканадаўчых працэдур, неабходных для ўступлення ў сілу.