17 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Урад Беларусі зацвердзіў меры па выкананні рэспубліканскага бюджэту на 2016 год. Аб гэтым гаворыцца ў пастанове Савета Міністраў нумар 125 ад 16 лютага 2016 года, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе беларускага ўрада.
"Прадугледжаныя меры накіраваны на забеспячэнне эфектыўнага выкарыстання бюджэтных сродкаў", - адзначылі ў прэс-службе.
У прыватнасці, у пастанове органам дзяржкіравання, дзяржаўным арганізацыям, гарадскiм, раённым, сельскім і пасялковым выканаўчым камітэтам даручана заключаць дагаворы аб пастаўцы тавараў (выкананні работ, аказанні паслуг) у межах бюджэтных асігнаванняў. Яны таксама павінны ўнесці ў Міністэрства фінансаў прапановы аб скарачэнні прадугледжаных iм расходаў рэспубліканскага бюджэту, у тым ліку за кошт аптымізацыі сеткі і штатнай колькасці бюджэтных арганізацый.
Міністэрства фінансаў, згодна з новым дакументам, у 2016 годзе будзе фінансаваць расходы ў межах паступаючых у рэспубліканскі бюджэт даходаў, а таксама крыніц фінансавання дэфіцыту рэспубліканскага бюджэту. "Выключэнне складуць сродкі, якія паступаюць ад вывазных мытных пошлін адносна сырой нафты і асобных катэгорый тавараў, выпрацаваных з нафты, вывозімых з тэрыторыі Беларусі за межы мытнай тэрыторыі Еўразійскага эканамічнага саюза, і якія накіроўваюцца на ажыццяўленне плацяжоў у замежнай валюце па пагашэнні і абслугоўванні дзяржаўнага доўгу", - гаворыцца ў пастанове.
Акрамя таго, Мінфіну прадпісана не дапускаць перавышэння лімітаў унутранага і знешняга дзяржаўнага доўгу, прымаць рашэнні па выпуску, умовах размяшчэння, абарачэння і пагашэння дзяржаўных каштоўных папер у аб'ёме, прадугледжаным Законам аб рэспубліканскім бюджэце.
Прымаць рашэнні аб прадастаўленні бюджэтных крэдытаў на пакрыццё часавых разрываў, якія ўзнікаюць пры выкананні абласных бюджэтаў і бюджэту Мінска, без спагнання працэнтаў за іх выкарыстанне ўпаўнаважана Міністэрства фінансаў.
Пастановай нумар 125 вызначаны пералік нарматыўных прававых актаў, а таксама ведамасных рашэнняў, якія неабходна прыняць для рэалізацыі Закона "Аб рэспубліканскім бюджэце на 2016 год". Яна ўступае ў сілу пасля яе афіцыйнага апублікавання і распаўсюджвае сваё дзеянне на адносіны, якія ўзніклі з 1 студзеня 2016 года.