5 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Пытанні ўніфікацыі і гарманізацыі заканадаўстваў Беларусі і Расіі ў Саюзнай дзяржаве стануць адной з ключавых тэм V Форуму рэгіёнаў дзвюх краін, які пройдзе ў Магілёве ў верасні 2018 года. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведаміў старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы Сяргей Рахманаў.
Сяргей Рахманаў расказаў, што асобныя прапановы Савета Рэспублікі па гэтых пытаннях ужо ўключаны ў праект прыярытэтных напрамкаў і першачарговых задач далейшага развіцця Саюзнай дзяржавы на 2018-2022 гады. Плануецца, што дакумент будзе падпісаны на маючым адбыцца пасяджэнні Вышэйшага дзяржаўнага савета Саюзнай дзяржавы. "Усе гэтыя пытанні таксама стануць прадметам дэталёвага абмеркавання на маючым адбыцца V Форуме рэгіёнаў Беларусі і Расіі, уключаючы ўзмацненне ўзаемадзеяння ў развіцці перадавых тэхналогій, якія істотным чынам уплываюць на стан нашай эканомікі і яе канкурэнтаздольнасць: гэта адзін з ключавых відаў забеспячэння эканамічнай і агульнай бяспекі Саюзнай дзяржавы", - дадаў ён.
Працэс збліжэння нацыянальных заканадаўстваў вельмі важны для бесперашкоднага развіцця супрацоўніцтва Беларусі і Расіі ў розных сферах: гандлёва-эканамічнай, адукацыйнай, навукова-тэхнічнай, культурнай і інш. Фарміраванне агульнага прававога поля стварае аснову для паспяховай рэалізацыі сумесных праграм і праектаў, роўных магчымасцей для суб'ектаў гаспадарання, агульнага рынку без выключэнняў і абмежаванняў. "Даводзіцца канстатаваць, што па гэтых пытаннях у нас не ўсё гладка. Адрозненні ў нацыянальных заканадаўствах і ў правапрымяняльнай практыцы, якія захоўваюцца, становяцца прычынай розных бар'ераў у двухбаковых адносінах, у тым ліку тармозяць працэсы саюзнага будаўніцтва ў эканамічнай і тэхналагічнай сферах", - адзначыў Сяргей Рахманаў.
У сувязі з гэтым Савет Рэспублікі ініцыіраваў правядзенне параўнальнага аналізу заканадаўстваў Беларусі і Расіі, а таксама маніторынгу выканання палажэнняў Дагавора аб стварэнні Саюзнай дзяржавы. Ініцыятыва падтрымана Пастаянным камітэтам Саюзнай дзяржавы - 1 сакавіка адбылося першае пасяджэнне спецыяльнай рабочай групы.