16 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Пытанні актыўнага ўдзелу дзяржаў-наглядальніц, партнёраў па дыялогу і спецыяльна запрошаных краін у эканамічным супрацоўніцтве ў рамках членаў Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва (ШАС) абмяркуюць сёння на нарадзе міністраў эканомікі і гандлю арганізацыі, якая пройдзе ў кітайскім горадзе Сіань. Беларусь прадставіць міністр эканомікі Уладзімір Зіноўскі, паведамілі БЕЛТА ў Мінэканомікі.
Таксама плануецца разгледзець пытанні стымулявання ўзаемасувязей у рэгіёне, паглыблення інвестыцыйнага і тэхніка-эканамічнага супрацоўніцтва, умацавання сувязей з міжнароднымі арганізацыямі. Акрамя таго, прадугледжваецца абмеркаваць развіццё гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва ў пашырэнні ініцыятывы "Адзін пояс, адзін шлях".
17 верасня ў Пекіне адбудзецца сустрэча ўдзельнікаў нарады (кіраўнікоў дэлегацый) з кіраўніцтвам Дзяржсавета КНР.
Як паведамлялася, на саміце Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва ва Уфе 10 ліпеня 2015 года кіраўнікамі дзяржаў ШАС было падпісана рашэнне аб прадастаўленні Беларусі статусу наглядальніка. Раней краіна мела ў гэтай арганізацыі статус партнёра па дыялогу.
У Мінэканомікі падкрэслілі, што Беларусь разглядае ШАС як дадатковую пляцоўку для выбудоўвання двухбаковага дыялогу паміж кіраўнікамі дзяржаў-удзельніц, кола якіх паступова пашыраецца. Акрамя таго, Беларусь можа і гатова арганічна дапоўніць эканамічнае супрацоўніцтва ў ШАС, выкарыстоўваючы свой транзітны, прамысловы і навуковы патэнцыял, прымаць актыўны ўдзел у каардынацыі пытанняў, звязаных з бяспекай у рэгіёне.