21 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Пекіне 21 лютага прэзентаваны падручнік беларускай мовы і беларуска-кітайскі слоўнік. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА расказалі ў беларускай дыпламатычнай місіі.
"Пасольства Рэспублікі Беларусь у анлайн-фармаце правяло прэзентацыю спецыялізаванага падручніка беларускай мовы для кітайскіх студэнтаў і першага ў гісторыі кітайска-беларускага і беларуска-кітайскага слоўніка, падрыхтаванага спецыялістамі Рэспубліканскага інстытута кітаязнаўства імя Канфуцыя Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта сумесна з Інстытутам мовазнаўства імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі", - гаворыцца ў паведамленні.
Мерапрыемства прымеркавана да Міжнароднага дня роднай мовы, які па рашэнні ЮНЕСКА адзначаецца 21 лютага з 1999 года. У рамках прэзентацыі з прывітальным словам выступіў Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Беларусі ў Кітаі Юрый Сянько.
Навуковы кіраўнік праекта па складанні кітайска-беларускага і беларуска-кітайскага слоўніка, дырэктар РІКК БДУ Анатоль Тозік расказаў аб праведзенай яго камандай рабоце і значэнні гэтых выданняў для кітайскіх студэнтаў, якія вывучаюць беларускую мову. Запрошаны выкладчык беларускай мовы Цяньцзіньскага ўніверсітэта замежных моў Вольга Шахаб падзялілася сваімі ўражаннямі аб рабоце з кітайскай моладдзю.
У мерапрыемстве таксама прынялі ўдзел генконсульствы Беларусі ў Шанхаі, Чунцыне і Гуанчжоу, прадстаўнікі цэнтраў вывучэння Беларусі пры ВНУ Кітая, а таксама кітайскія студэнты, якія вывучаюць беларускую мову, і іх выкладчыкі.