27 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Нацыянальныя алімпійскія камітэты Рэспублікі Беларусь і Каралеўства Бахрэйн падпісалі мемарандум аб супрацоўніцтве, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе НАК.
Бакі заключылі пагадненне ў рамках візіту беларускай дэлегацыі ў Бахрэйн, у цырымоніі падпісання прынялі ўдзел прэзідэнт НАК Беларусі Віктар Лукашэнка і кіраўнік НАК Бахрэйна яго высокасць шэйх Халід бін Хамад аль-Халіфа. Дамоўленасці паміж краінамі прадугледжваюць удзел атлетаў у мультыспартыўных турнірах на тэрыторыі абедзвюх дзяржаў, арганізацыю сумесных вучэбна-трэніровачных збораў, узаемны абмен спецыялістамі і праграмамі развіцця ў галіне дзіцяча-юнацкага спорту, удзел у кангрэсах, канферэнцыях, семінарах і курсах, абмен вопытам у сферы будаўніцтва і абслугоўвання спартыўных аб'ектаў, медыцыны, маркетынгу, а таксама ў пытаннях арганізацыі мерапрыемстваў.
"У нашых краін шмат агульнага. Важна і ў далейшым падтрымліваць адзін аднаго, шукаць агульныя падыходы для паспяхова стабільнага росту па ўсіх магчымых напрамках, каб быць мацнейшымі і не толькі на міжнароднай спартыўнай арэне. Першыя крокі ўжо зроблены", - адзначыў Віктар Лукашэнка.
Таксама ў рамках рабочай паездкі адбыліся рабочыя сустрэчы дэлегацыі НАК з генеральным сакратаром НАК Бахрэйна Фарысам Мустафой аль-Куеджы і віцэ-прэзідэнтам арганізацыі шэйхам Ісам бен Алі Халіфа аль-Халіфам, які падкрэсліў важнасць умацавання двухбаковых адносін і пажадаў устойлівага развіцця і працвітання беларускаму спорту.
Асаблівы інтарэс азіяцкіх калег выклікала ўзаемадзеянне ў традыцыйна моцных у нашай краіне відах спорту, такіх як тэніс, веславанне, плаванне, цяжкая атлетыка, барацьба і мастацкая гімнастыка, а таксама патэнцыял развіцця ў Каралеўстве Бахрэйн хакея і канькабежнага спорту пры падтрымцы беларускіх спецыялістаў.