11 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Па ініцыятыве Рэспублікі Беларусь першы камітэт 75-й сесіі Генеральнай асамблеі ААН прыняў абсалютнай большасцю галасоў рэзалюцыю "Забарона распрацоўкі і вытворчасці новых відаў зброі масавага знішчэння і новых сістэм такой зброі: даклад Канферэнцыі па раззбраенні". Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе беларускага МЗС.
"У рэзалюцыі, якая мае прэвентыўны характар, дзяржавы - члены ААН пацвярджаюць неабходнасць прыняцця эфектыўных мер у мэтах прадухілення з'яўлення новых відаў зброі масавага знішчэння, у тым ліку з прыцягненнем патэнцыялу Канферэнцыі ААН па раззбраенні, - гаворыцца ў паведамленні. - Суаўтарамі беларускай рэзалюцыі выступілі 35 дзяржаў, якія прадстаўляюць практычна ўсе рэгіёны свету, што сведчыць аб усёабдымным і ўніверсальным характары дакумента".
Першы камітэт ГА ААН кансэнсусам таксама прыняў унесеную па ініцыятыве Беларусі (у якасці аднаго са старшынь Канферэнцыі па раззбраенні ў 2020 годзе) рэзалюцыю "Даклад Канферэнцыі па раззбраенні". У рэзалюцыі падведзены вынікі работы канферэнцыі за мінулы год і падкрэслена яе роля як адзінага шматбаковага форуму па пытаннях раззбраення.