8 красавіка, Мінск /Васіль Малашэнкаў - БЕЛТА/. Плануецца, што ў час візіту ў Беларусь старшыні КНР Сі Цзіньпіна кіраўнікі дзвюх дзяржаў падпішуць дагавор аб дружбе і супрацоўніцтве, паведаміў сёння журналістам міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Намі рыхтуецца да падпісання сур'ёзны пакет дамоўленасцей у самых розных сферах", - сказаў кіраўнік МЗС Беларусі. Ён дадаў, што названы дагавор і сумесная дэкларацыя, якая будзе падпісана па выніках сустрэч лідараў дзвюх краін, вызначаць вектар двухбаковых адносін, якія ўжо маюць характар усебаковага стратэгічнага партнёрства. Таксама будуць падпісаны дакументы, звязаныя з супрацоўніцтвам у сферы фінансаў, інвестыцый, адукацыі, навукі і тэхнікі, турызму, культуры і г.д.
Паводле слоў Уладзіміра Макея, беларускі бок з вялікай адказнасцю падыходзіць да арганізацыі маючага адбыцца візіту ў Беларусь старшыні КНР. "Мы сапраўды хочам, шчыра кажучы, зрабіць так, каб візіт стаў гістарычным для нашых адносін", - адзначыў ён.
Кіраўнік беларускага МЗС таксама падкрэсліў, што сёння ў час насычаных перагавораў з кітайскім калегам вызначаны важныя пункты двухбаковага ўзаемадзеяння, грунтоўна разгледжаны далейшыя крокі па інтэнсіфікацыі беларуска-кітайскага супрацоўніцтва ў 2015 годзе.
Акрамя таго, Уладзімір Макей адзначыў, што лічыць візіт Ван І гарантам узаемнага імкнення ўмацоўваць выгаднае для абодвух бакоў і шматпланавае супрацоўніцтва.