31 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. З 1 верасня ў Беларусі пачнуць выдаваць біяметрычныя дакументы. Аб гэтым у сваім Telegram-канале праінфармавала прэс-сакратар МУС Вольга Чамаданава, паведамляе БЕЛТА.
"З'явіцца 8 новых відаў дакументаў, якія змяшчаюць біяметрычныя даныя, у тым ліку ідэнтыфікацыйная картка грамадзяніна (ID-картка) і біяметрычны пашпарт. ID-карткі прызначаны для засведчання асобы ўладальніка толькі на тэрыторыі нашай краіны. Біяметрычныя ж пашпарты спатрэбяцца выключна для выезду за мяжу. Калі ж грамадзянін не збіраецца выязджаць, атрымліваць такі дакумент неабавязкова. Выраб біяметрычнага пашпарта магчымы толькі пры наяўнасці ў заяўніка ID-карткі", - гаворыцца ў паведамленні.
Таксама пашырыцца функцыянал дакументаў, якія засведчваюць асобу. "Дзякуючы наяўнаму ў ID-картцы асабістаму электроннаму лічбаваму подпісу можна праводзіць дзеянні праз партал Нацыянальнага цэнтра электронных паслуг. Выдача ID-карткі будзе каштаваць 1,5 БВ, біяметрычнага пашпарта - 2 БВ. Для грамадзян, якія дасягнулі пенсійнага ўзросту, а таксама інвалідаў I і II груп - 1 і 1,5 БВ адпаведна", - адзначылі ў МУС.
Для атрымання біяметрычных дакументаў неабходна звярнуцца ў падраздзяленне па грамадзянстве і міграцыі па месцы рэгістрацыі пры першасным атрыманні, а пры іх абмене - у любое падраздзяленне па грамадзянстве і міграцыі.
Мяняць цяпер дзеючыя пашпарты на новыя біяметрычныя дакументы неабавязкова. Акрамя таго, прадоўжыцца выдача пашпартоў старога ўзору на ранейшых умовах, паралельна з новымі. Грамадзяне самастойна вырашаюць, які від дакумента яны хочуць атрымаць. Кошт дзеючых пашпартоў не зменіцца, па іх можна выязджаць за мяжу.
Для замежных грамадзян і асоб без грамадзянства, якія пастаянна пражываюць у Беларусі, замена дакументаў, што засведчваюць асобу, і дакументаў для выезду з краіны і (або) уезду ў Беларусь на біяметрычныя будзе праходзіць паступова. Да заканчэння тэрміну свайго дзеяння яны застануцца раўназначнымі ў выкарыстанні з біяметрычнымі дакументамі. З 1 верасня замежныя грамадзяне змогуць атрымаць толькі біяметрычныя дакументы.