5 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі Наталля Качанава сёння правяла сустрэчу з паслом Арменіі ў Беларусі Арменам Гевандзянам, на якой былі абмеркаваны пытанні міжпарламенцкага, гандлёва-эканамічнага, гуманітарнага супрацоўніцтва, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе Савета Рэспублікі.
"Мы высока цэнім узровень палітычнага дыялогу, які склаўся паміж нашымі краінамі. Беларуска-армянскія адносіны заснаваны на дружбе нашых народаў, таму і супрацоўніцтва ў гандлёва-эканамічнай, гуманітарнай сферах - гэта напрамак, які дынамічна развіваецца", - адзначыла Наталля Качанава.
Найбольш паспяховым прыкладам узаемадзеяння з'яўляецца міжпарламенцкае партнёрства паміж Беларуссю і Арменіяй, падкрэсліла яна. Створана і паспяхова працуе міжпарламенцкая камісія, прайшло ўжо 12 яе пасяджэнняў. У 2019 годзе камісія збіралася ў Ерэване, у гэтым годзе сустрэча пройдзе ў Беларусі.
Старшыня Савета Рэспублікі дадала, што ў дзвюх краін вялікі патэнцыял для ўмацавання гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва. "Мы хацелі б у гандлёва-эканамічным узаемадзеянні бачыць шэраг новых праектаў, якія былі б выгадныя Беларусі і Арменіі, - сказала яна. - Гэта супрацоўніцтва ў сферы паставак гарадскога пасажырскага транспарту. Вы ведаеце, што ў нас працуюць добрыя прадпрыемствы, выпускаемы імі транспарт карыстаецца папулярнасцю не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі. Ведаю, што ўжо заключаны дагаворы з беларускімі прадпрыемствамі па замене ліфтаў у Ерэване".
У цэлым Беларусь гатова да далейшага супрацоўніцтва з Арменіяй па ўсіх напрамках. "Агульных інтарэсаў у нашай рабоце даволі шмат. Я ўпэўнена, што яшчэ не ўсе нашы магчымасці выкарыстаны ў поўнай меры. І хачу запэўніць, што парламентарыі, члены Савета Рэспублікі зробяць усё для таго, каб нашы добрыя адносіны ўмацоўваліся і развіваліся ў далейшым", - акцэнтавала ўвагу Наталля Качанава.
Армен Гевандзян у сваю чаргу адзначыў, што пасольства Арменіі будзе садзейнічаць развіццю міжпарламенцкага дыялогу як у двухбаковым фармаце, так і на міжнародных пляцоўках. Ён звярнуў увагу на перспектывы супрацоўніцтва Беларусі і Арменіі ў навукова-тэхнічнай сферы. "Гэта тое, што ўяўляе ўзаемны інтарэс: высокатэхналагічныя вытворчасці, лічбавы парадак дня", - сказаў дыпламат.
У інтэрв'ю журналістам пасол сказаў, што ў рамках міжпарламенцкай камісіі абмяркоўваецца шырокі пералік пытанняў, у тым ліку парламенцкага садзейнічання развіццю эканамічных сувязей паміж Беларуссю і Арменіяй. "Гэта і традыцыйныя сферы супрацоўніцтва, і прапрацоўка пытанняў, якія актуальныя для дзвюх краін: гарадскі транспарт, сельская гаспадарка, сельскагаспадарчая і кар'ерная тэхніка, ліфты. Для пашырэння ўсіх гэтых пытанняў важна парламенцкая падтрымка", - падкрэсліў ён. Акрамя таго, перспектыўным пасол назваў узаемадзеянне ў галіне высокіх тэхналогій.
"І ў Арменіі, і ў Беларусі робіцца вялікая стаўка на чалавечы капітал. Узаемадзеянне нашых профільных кампаній, абмен вопытам і тыя напрацоўкі, якія ёсць у рамках Кітайска-беларускага індустрыяльнага парка "Вялікі камень", Парка высокіх тэхналогій - усё гэта можа істотна ўзбагаціць аб'ёмы двухбаковага тавараабароту", - адзначыў Армен Гевандзян.
За студзень-лістапад 2019 года аб'ём узаемнага гандлю паміж краінамі склаў $63,7 млн і вырас у параўнанні з аналагічным перыядам 2018 года на 39 працэнтаў. Экспарт за названы перыяд склаў $47,5 млн, імпарт - $16,3 млн. Сальда склалася дадатнае - у памеры $31,2 млн.