23 снежня, Мінск /Кацярына Крышэнік - БЕЛТА/. У Беларусі ствараецца адзіны эканамічны апеляцыйны суд. Ён размесціцца ў Мінску і будзе разглядаць апеляцыі па ўсіх эканамічных справах. Аб гэтым паведаміў журналістам старшыня Вярхоўнага суда Валянцін Сукала, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Прыкладна 75 працэнтаў апеляцыйных скаргаў разглядаюцца на рашэнні абласнога і гарадскога эканамічных судоў. "Гэта значыць асноўныя эканамічныя спрэчкі праходзяць у Мінску і Мінскай вобласці. Таму не будзе праблем з забяспечанасцю правасуддзя (пасля таго як усе апеляцыі стане разглядаць адзіны эканамічны апеляцыйны суд у Мінску. - Заўвага БЕЛТА)", - растлумачыў Валянцін Сукала.
"Цяпер склалася такая сітуацыя, калі эканамічныя абласныя суды разглядаюць спрэчкі па першай інстанцыі і яны ж разглядаюць гэтыя спрэчкі ў апеляцыйным парадку. На наш погляд, гэта не зусім правільна, - прадоўжыў ён. - У нас ёсць такое агульнае правіла і прынцып: адзін суд - адна інстанцыя. Калі ў адным судзе ёсць дзве інстанцыі - гэта ўжо не вельмі добра з пункту гледжання правасуддзя. Мы зыходзім з таго, што трэба падзяліць гэтыя інстанцыі: эканамічныя абласныя суды - па першай інстанцыі, і затым апеляцыйныя скаргі будзе разглядаць адзіны эканамічны апеляцыйны суд у Мінску".
Стварэнне такога суда, на яго думку, "павысіць якасць разгляду эканамічных спрэчак і дасць магчымасць завяршаць правасуддзе на апеляцыйнай стадыі".
Новы суд ствараецца на базе існуючых плошчаў і штатнай колькасці судовай сістэмы, без дадатковых затрат. Размяшчацца ён будзе, хутчэй за ўсё, у тым будынку, дзе цяпер працуюць суды Першамайскага і Савецкага раёнаў Мінска - у наступным годзе яны пераедуць у новы будынак, які ўзводзіцца.
Працаваць у адзіным эканамічным апеляцыйным судзе будуць каля 20 найбольш вопытных суддзяў. "Тых, хто разглядае эканамічныя справы ў апеляцыйным парадку ў абласных эканамічных судах, гэтыя адзінкі мы забіраем і пераводзім у Мінску", - растлумачыў Валянцін Сукала. Разгляд спраў будзе праходзіць у рэжыме відэа-канферэнц-сувязі. Гэта значыць, спрачальныя бакі будуць запрашаць не ў Мінск, а ў спецыяльныя студыі на базе абласных судоў.
Усе неабходныя дзеянні па стварэнні адзінага эканамічнага апеляцыйнага суда плануецца рэалізаваць на працягу 2020 года.