27 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Дыпламат Джэфры Джук стаў новым часовым павераным у справах ЗША ў Беларусі. Такая інфармацыя размешчана ў Twitter-акаўнце пасольства ЗША ў Беларусі, паведамляе БЕЛТА.
Як растлумачылі ў пасольстве, Джэфры Джук будзе ўзначальваць амерыканскую дыпмісію, пакуль у Мінск не прыедзе пасол ЗША. Затым ён застанецца ў Беларусі на пасадзе намесніка кіраўніка дыпмісіі.
У прывітальным відэа Джэфры Джук адзначыў, што для яго вялікі гонар прадстаўляць урад ЗША і кіраваць пасольствам у якасці часовага паверанага ў справах Злучаных Штатаў. Раней дыпламат працаваў у Харватыі і Сербіі.
Новы кіраўнік амерыканскай дыпмісіі расказаў, што хоча пазнаёміцца з беларускімі традыцыямі і жыхарамі краіны. Паводле яго слоў, ён любіць веласпорт і амерыканскі футбол.
Як паведамлялася, 20 ліпеня Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка назначыў пасла ў Злучаныя Штаты Амерыкі. Ім стаў намеснік міністра замежных спраў Алег Краўчанка. Плануецца, што ў жніўні ён паляціць у ЗША.
"Вельмі многае будзе залежаць ад тваёй работы. Гэта мы яшчэ дэталёва потым абмяркуем, праз міністра я перадам некаторыя рэчы. Нам патрэбны будуць падтрымка і дапамога ад Злучаных Штатаў Амерыкі, асабліва ў гэты перыяд у фінансавай сферы ў сувязі з каранавірусам", - заявіў Прэзідэнт, назначаючы Алега Краўчанку кіраўніком беларускай дыпмісіі ў Вашынгтоне.