21 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі і Міжнароднай арганізацыі працы (МАП) ёсць шмат перспектыўных напрамкаў для ўзаемадзеяння ў сферы развіцця сацыяльнага партнёрства. Гэта было адзначана на сустрэчы намесніка кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Валерыя Міцкевіча са спецыяльным саветнікам генеральнага дырэктара Міжнароднага бюро працы (МБП) Кары Тапіёлам і пастаянным каардынатарам ААН у Беларусі Санакам Самарасінхам, якая адбылася 20 чэрвеня ў Адміністрацыі Прэзідэнта, паведамляе БЕЛТА.
У якасці эксперта Міжнароднай арганізацыі працы (МАП) Кары Тапіёла доўгі час супрацоўнічае з Беларуссю і добра ведае яе спецыфіку. Ён прыбыў у Мінск у рамках рэалізацыі чацвёртага напрамку дзейнасці місіі прамых кантактаў па правядзенні з 20 па 22 чэрвеня навучальнага курса для суддзяў і юрыстаў. "Удзел у мерапрыемстве дасць магчымасць нашым юрыстам азнаёміцца з перадавым міжнародным вопытам у галіне разгляду працоўных спрэчак", - сказаў Валерый Міцкевіч. Ён таксама адзначыў, што Беларусь заўсёды ставілася і ставіцца з глыбокай павагай да праводзімай МАП работы.
"Усе рэкамендацыі Міжнароднай арганізацыі працы ўважліва прапрацоўваюцца пры прыняцці кіраўніцкіх рашэнняў. Развіццё сацыяльнага партнёрства, фарміраванне паўнацэнных прафсаюзаў і забеспячэнне бяспечных умоў працы на прадпрыемствах рэспублікі адносяцца да важнейшых задач пры рэалізацыі дзяржаўнай палітыкі як у сферы працоўных, так і эканамічных адносін", - падкрэсліў намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта.
У сваю чаргу Кары Тапіёла адзначыў праводзімую ў краіне работу па забеспячэнні абароны правоў працоўных і станоўча ахарактарызаваў развіццё прафсаюзнага руху. "У Беларусі сёння створана нармальная платформа для развіцця адносін па лініі прафсаюзаў і іншых аб'яднанняў, якія забяспечваюць абарону правоў працоўных. Беларускія прафсаюзы актыўна развіваюць супрацоўніцтва з прафсаюзнымі органамі іншых краін, уключаючы прыбалтыйскія дзяржавы, што не можа не радаваць", - лічыць эксперт.
Намаганні, што прыкладаюцца беларускім бокам, не засталіся незаўважанымі з боку экспертаў Міжнароднай арганізацыі працы. У гэтым годзе Беларусь не была ўключана ў кароткі спіс краін, якія падлягаюць абавязковаму разгляду на пасяджэнні Камітэта па нормах і стандартах у рамках 106-й Міжнароднай канферэнцыі працы, якая адбылася з 5 па 16 чэрвеня ў Жэневе.
Кары Тапіёла выказаўся за далейшае развіццё супрацоўніцтва з Беларуссю, у тым ліку на экспертным узроўні ўзаемадзеяння прафесійных юрыстаў пры правядзенні работы па ўдасканаленні заканадаўства. Ён адзначыў плённы характар адносін, які склаўся ў Міжнароднай арганізацыі працы з Федэрацыяй прафсаюзаў Беларусі і Міністэрствам працы і сацыяльнай абароны. "У той жа час устанаўленне цесных рабочых кантактаў юрыстаў-прафесіяналаў пры распрацоўцы праектаў нарматыўных прававых актаў дазволіла б выйсці адносінам па супрацоўніцтве на больш высокі ўзровень узаемадзеяння", - заявіў эксперт.
Гэта прапанова была падтрымана Валерыем Міцкевічам, які падкрэсліў, што ў Беларусі і Міжнароднай арганізацыі працы ёсць шмат перспектыўных напрамкаў для ўзаемадзеяння ў сферы развіцця сацыяльнага партнёрства і прафсаюзнага руху і забеспячэння абароны правоў працоўных. "Адным з такіх напрамкаў з'яўляецца, у прыватнасці, рэалізацыя сумеснага з Праграмай развіцця ААН праекта ў галіне вяршэнства права", - дадаў ён.